Рубрыка Праменад

3 января 2014

Хто гэта дзяўчына-рэжысёр, якая развенчвае ўсходнія стэрэатыпы і як выглядае навагодні мюзікл паводле народнай казкі? На дэсерт: калі свае запаснікі раскрые Нацыянальны мастацкі музей?


Пра культурны ўікенд - Ніна Мажэйка. Узвяла культурныя масты. У суботу а 13-ай гадзіне ў зале Усходняга мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея - пробны канцэрт-кінапаказ. З прэм'ерай свайго новага дакументальнага дзіцяці вузкаму колу - маладая рэжысёр Аляксандра Шпартава. Адораная дзяўчына дэбютавала з кароткім метрам Давыд-Гарадоцкія каноны. Пра карэнных жыхароў беларускага горада з 1000-гадовай гісторыяй.


Пасля Давыд-Гарадоцкай прэм'еры Аляксандру папрасілі перакласці каноны на кітайскую мову. Так яна знайшла героя сваёй наступнай стужкі - паэта і каліграфа з Пекіна - Лі Цзо. Высветлілася, мужчына цудоўна гаворыць па-руску, быў студэнтам па абмене яшчэ ў савецкі час. Пасля вучобы так і застаўся. Да пераезду ў Мінск выкладаў рускую мову ва ўніверсітэце ў Пекіне, зараз вучыць нашых размаўляць па-кітайску.


20-хвілінная стужка атрымала назву Твар (цяпер глядзіце, якая ігра слоў, бо ў арыгінале карціна заяўлена - па-руску -ЛіЦо, што сугучна з імем кітайца Лі Цзо). Раскрыць героя вырашылі праз яго творчасць. На працягу фільма галоўны і адзін персанаж чытае свае творы на рускай мове і выпісвае іерогліфы.


Музыку спецыяльна да фільма напісаў брат Філіп Шпартаў. Хлопец апрацаваў народныя кітайскія мелодыі і дадаў сваіх аўтарскіх тэм. Дарэчы, перад паказам усіх гасцей чакае канцэрт з кампазіцый Бетховена і Шапэна.


Вёдры танцуюць, печка ездзіць - не, гэта не хатні бунт работнікаў ЖКГ, а навагодні мюзікл паводле народнай казкі Па шчупаковай волі. Палац Рэспублікі ў перыяд зімовых канікул ладзіць Галоўную ёлку краіны. У грандыёзным навагоднім спектаклі задзейнічана каля сотні артыстаў, як прафесіянальных тэатраў, так і дзіцячых калектываў.


За дзень - тры спектаклі і каля 8 тысяч юных гледачоў у казачных касцюмах. Сапраўдны паказ святочнай моды. Узроставая катэгорыя 0+.


Тым, хто набыў білет, раім прыйсці раней заяўленага часу. У праграме не толькі спектакль, але і дыскатэка.


Паказы навагодняга мюзікла і ў найбліжэйшы ўікенд. Апошні дзень - 6 студзеня. Спяшайцеся! У вас яшчэ ёсць шанс павадзіць карагоды каля Галоўнай ёлкі краіны.


У профіль і анфас. Нацыянальны мастацкі музей раскрывае свае запаснікі. 87 партрэтаў з рарытэтнай калекцыі музея. Сведкі часу. Партрэт у рускім жывапісе і графіцы 18-20 стагоддзяў. Творы, якія не пабачыш у пастаянай экспазіцыі.


Вялікая экспазіцыя размясцілася адразу ў трох залах. Яднае адзін жанр - партрэт. Побач з класіцызмам 19 стагоддзя працы амаль нашых сучаснікаў. Так можна пабачыць пісьменніка Сяргей Міхалкова (выдумца дзядзі Сцёпы і бацька рэжысёра Мікіты Сяргеевіча) ў графічнай тэхніцы. Прасачыць за эвалюцыяй партрэта можна да сакавіка.