Рубрыка "Праменад"

8 июля 2016

Плануеце свой вольны час на выхадныя? Адразу тры міжнародныя праекты аб ролі Беларусі ў розныя гістарычныя эпохі прапануе Нацыянальны гістарычны музей. Героі беларускіх паданняў у віртуальным выяўленні і працяг музычных вечароў у суботу ля ратушы. Падрабязнасці ў нашай пятнічнай рубрыцы "Праменад" з Ларысай Гулякевіч.

Нацыянальны гістарычны музей Беларусі апошнім часам ператварыўся ў міжнародны цэнтр культур. Тут адразу і графіка венгерскага мастака эпохі Першай сусветнай вайны, і фотапраект «Расія шматнацыянальная», і выстава “Беларусы ў Войску Польскім».

Падчас Першай сусветнай вайны венгерскі мастак Іштван Задар служыў у баявым падраздзяленні ў якасці камандзіра 7-й эскадрыллі. Да гэтага ў самым пачатку XX стагоддзя ён вучыўся ў Парыжы і Фларэнцыі. 40 арыгінальных работ Іштвана Задара ўпершыню экспануюцца не толькі ў Беларусі, але і на еўрапейскай прасторы.

Наступны міжнародны фотапраект «Расія шматнацыянальная» ўяўляе сабой інфармацыю аб жыцці, гісторыі і культуры народаў, якія жывуць у Расіі. У рамках праекта экспануецца выстава «Твары Расіі», што расказвае пра 37 прадстаўнікоў розных народаў Расіі.

Трэці міжнародны праект прысвечаны ўдзелу беларусаў у складзе Войска Польскага ў баявых дзеяннях супраць нацыстаў на розных франтах Другой сусветнай вайны.

Міфічныя героі з беларускіх казак і паданняў інтэгруюцца з высокімі тэхналогіямі. Зараз апынуцца ў казцы з дапамогай камп’ютара - не праблема.

У выставачнай зале Музея гісторыі беларускага кіно ўнікальная выстава "Старыя героі - новы свет". Гэта спалучэнне анімацыі і аўтарскага кіно, знятага ў розных гарадах і мястэчках Беларусі. З дапамогай спецыяльных акуляраў віртуальнай рэальнасці можна прагуляцца па сядзібах разам з загадкавымі персанажамі.

Чэрвеньскія джазавыя суботы ля Ратушы завяршыліся, але ліпеньскія толькі пачаліся. Цяпер у кожную суботу гучыць неўміручая класіка ў выкананні лепшых музыкантаў Беларусі і замежжа.

Кожную летнюю суботу, пачынаючы з заўтрашняга дня, Мінск чакае серыя ўнікальных канцэртаў "Класіка ля ратушы". Заўтра 3D-канцэрт і вечар сімфанічных шэдэўраў у выкананні Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра пад кіраўніцтвам маэстра Аляксандра Анісімава.

Самі стварайце сабе добры настрой. Нясумных выхадных і да наступнай пятніцы.