Рубрыка "Праменад"

26 августа 2016

Дзве новыя выставы айчыннага жывапісу і скульптуры ў Нацыянальным мастацкім музеі, расійска-беларускі праект, прысвечаны героям Чарнобыля, і свята Грузіі ў самым сэрцы Мінска. Культурна запланаваць выхадныя дапаможа наша рубрыка "Праменад" з Ларысай Гулякевіч.

Сумесны расійска-беларускі мастацкі праект прысвечаны героям Чарнобыля. Гэта малюнкі, мастацкія рэпартажы з месца падзей, створаныя ў далёкім 1986 годзе. Выстава адкрылася ў мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага, чые работы таксама прадэманстраваны ў праекце.

Праект, падрыхтаваны Беларускім саюзам мастакоў і Расійскім фондам падтрымкі мастацтва і культуры «Чырвоны куток», прысвечаны 30-годдзю аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Работы розных пакаленняў - як саміх ліквідатараў, так і сучасных аўтараў, нават дзяцей. Таксама прысутнічаюць на выставе творы народных мастакоў Расіі і Беларусі, сярод іх Міхаіл Савіцкі.

Сэрца Мінска – актыўнае культурнае асяроддзе ў выхадныя і не толькі. Завяршэнне канцэртнага праекта «Класіка ля ратушы» і народнае свята Грузіі.

Закрыецца фестываль «Класіка ля ратушы» цудоўнай музыкай Беларусі XIX-XX стагоддзяў у выкананні струннага квартэта з Польшчы. Да класічнай музыкі дабавіцца і танцавальнае майстэрства. Кожныя выхадныя ў гістарычным цэнтры Мінска праходзяць святы народных культур. У мінулыя выхадныя гэта былі ўкраінскія песні, жарты, карагоды, а заўтра Грузія праводзіць кулінарны марафон з нацыянальнымі танцамі.

Нацыянальны мастацкі музей запрашае адразу на дзве выставы. Адна з іх – жывапіс Ягора Батальёнка, другая графіка і скульптура Аляксандра Шапо.

Выстава пад назвай «Сюіта № 45», менавіта 45 гадоў споўнілася аўтару праекта Аляксандру Шапо, прапануе сустрэчу са шматгранным чалавечым светам. Праект у мастацкім музеі складаецца з 30 літаграфій і 20 скульптур, а прысвячаецца вобразу жанчыны.

У суседняй выставачнай зале Нацыянальнага мастацкага музея - новая выстава яго сябра Ягора Батальёнка. Зусім іншы пейзажны кірунак беларускага мастацтва.

Калі заплануеце культпаход у кінатэатр "Цэнтральны", звярніце ўвагу на фотавыставу ў фае пад назвай «Мінск. Невыпадкова». Нясумных выхадных і да наступнай пятніцы.