Рубрыка "Праменад"

4 ноября 2016

У беларускай сталіцы – "Лістапад". Дні культуры Аўстрыі пачнуцца з філарманічнай сцэны. А Вялікі тэатр Беларусі паказвае шоу "Карміна Бурана" і легендарны балет "Кармэн-сюіта". Пра культурныя падзеі выхадных – наша рубрыка "Праменад" з Ларысай Гулякевіч.

Сёння ўрачыстае адкрыццё ХХІІІ Мінскага міжнароднага кінафестывалю "Лістапад". Акрамя праграмы кінапаказаў, якія будуць доўжыцца цэлы тыдзень, тры выставы, прысвечаныя кіно.

У галерэі Савіцкага рэтраспектыва афіш да кінастужак польскага класіка Анджэя Вайды. Кінаплакат даўно стаў не толькі сродкам інфармацыі, але і відам графічнага мастацтва.

У музеі гісторыі беларускага кіно фотапаказ закадравай кухні рэжысёра Яніса Стрэйча. А Нацыянальны гістарычны музей расказвае аб зараджэнні і развіцці кінематографа на Беларусі.

Канцэртам "Аўстрыя далёкая і блізкая" адкрываюцца Дні культуры Аўстрыі. З гэтай краіны ў Мінск прыехала скрыпачка Алена Дзянісава і аўстрыйскі кампазітар Эрык Фрайтаг, які спецыяльна напісаў для праграмы свой музычны твор, заснаваны на беларускім фальклоры.

Заўтра пачынаецца "Аўстрыйскі культурны сезон у Беларусі", адкрывае яго канцэрт Дзяржаўнага камернага аркестра нашай краіны пад кіраўніцтвам маэстра Яўгена Бушкова.

У праграме канцэрта творы Моцарта, Бетховена, Крэйслера і нашага сучасніка Эрыка Фрайтага. Твор «Навелета» ён напісаў на дзве беларускія народныя песні для аркестра, сам прыехаў у Мінск, каб прысутнічаць на прэм'еры. Алена Дзянісава больш за 20 гадоў жыве ў Аўстрыі. У Грэноблі, Парыжы і Маскве яе называюць «скрыпічнай Піяф» за вытанчанасць і артыстызм.

Вялікі тэатр Беларусі паказвае вакальна-харэаграфічнае шоу "Карміна Бурана" і балет у адной дзеі "Кармэн-сюіта" Жоржа Бізэ ў інтэрпрэтацыі Радзівона Шчадрына.

У нядзелю, 6 лістапада, на сцэне Вялікага тэатра музыка Карла Орфа ў пастаноўцы "Карміна-бурана". Пасля антракту – аднаактны балет "Кармэн-сюіта". Лібрэта створана паводле паэтычнага цыкла Аляксандра Блока "Кармэн".

У Палацы мастацтваў сёння адкрываецца беларускае трыенале дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Нясумных выхадных і да наступнай пятніцы.