Цёплы верасень і насычаная культурная праграма. Нашумелы праект «Прыватная калекцыя» маскоўскай фотамастачкі Кацярыны Раждзественскай - у гістарычным музеі, «Кірмаш агародніны» з гумарыстычнымі персанажамі і «Прысвячэнне любімаму Мінску» ў галерэі Міхаіла Савіцкага.
Падрабязнасці ў рубрыцы «Праменад» з Ларысай Гулякевіч.
Каб напісаць бестселер, музычны шлягер ці стварыць такі нашумелы фотапраект як «Прыватная калекцыя» ў часопісе «Караван историй», трэба быць як мінімум неардынарнай асобай. Кацярына Раждзественская - журналіст, прафесійны перакладчык, фотамастак і мадэльер - у Мінску прадэманструе экспазіцыю са 100 стылізаваных фотакарцін.
Сутнасць праекта ў пераўвасабленні нашых сучаснікаў - знакамітых асоб - у персанажаў карцін - шэдэўраў сусветнага жывапісу: Рэмбранта, Веласкеса, Манэ, Рэнуара, Рэпіна.
У іншай выставачнай зале Нацыянальнага гістарычнага музея пачаў працаваць кірмаш. Гэтую садавіну-агародніну нельга купіць ды і наўрад ці гэтымі прадуктамі можна пачаставацца. Затое цэлая галерэя вобразаў, характараў, персанажаў, нават гісторый…
Спецыфіка нацюрмортаў з нясвежай садавіны і агародніны - зусім не ў гламурнасці, а ў гумарыстычнай філасофіі жыцця.
Кірмашная тэма фотавыставы невыпадковая. Аўтар Алік Замосцін родам з Мінска, але паўжыцця працаваў у Канадзе, ЗША, Ізраілі. Яго запалам ці слабасцю быў і застаецца кірмаш з садавіны і агародніны.
Экспазіцыя працягваецца і ў дворыку гістарычнага музея. У канцы верасня выставу ўжо чакаюць у Полацку - гісторыка-культурным музеі-запаведніку.
Прысвячэнне гораду Мінску ў рэтраспектыўным паказе твораў Барыса Аракчэева. Выстава ў галерэі Савіцкага экспануецца з нагоды 90-годдзя беларускага мастака.
Экспазіцыю складаюць пейзажныя, тэматычныя карціны, а таксама графічныя работы, выкананыя мастаком у розныя перыяды творчасці. Мінск, які стаў другой радзімай, з'яўляецца адной з самых галоўных старонак у творчай біяграфіі Барыса Аракчэева. Больш за паўстагоддзя мастак ствараў унікальныя па ўнутранай напоўненасці і глыбіні творы, кожны з якіх прасякнуты шчырасцю і дабрынёй да Мінска і яго жыхароў.
Беларускі дзяржаўны тэатр лялек адкрывае заўтра новы 79-ы тэатральны сезон любімай казкай «Чырвоная шапачка». Сёлета ў пастаноўцы не зусім дзіцячы юбілей - 30 гадоў. Нясумных выхадных і да наступнай пятніцы.













