Рубрыка "Праменад"

22 марта 2019

Маскі, скульптура і арт-аб'екты - ад гільдыі керамістаў. Індыя пад снегам і Афрыка ў сезон дажджоў - на фотаработах прафесіяналаў-падарожнікаў. І оперна-балетная праграма для дзяцей і дарослых у Вялікім тэатры Беларусі. Падрабязнасці ў Ларысы Гулякевіч. Рубрыка "Праменад".

Тэатральныя, карнавальныя і абрадавыя маскі ад беларускіх майстроў па кераміцы. Свае творы ў мастацкай галерэі "Універсітэт культуры" яны прадэманстравалі як у традыцыйнай тэхніцы працы з глінай, так і ў сучаснай, аўтарскай і эксперыментальнай. 

 "Між рукамі і полымем". Сярод экспанатаў, прадэманстраваных майстрамі гільдыі керамістаў, - інтэр'ерная кераміка, посуд, скульптура і арт-аб'екты. Падчас работы экспазіцыі, якая будзе доўжыцца да 30 сакавіка, пройдуць творчыя сустрэчы з мастакамі па фарфоры, а такcама майстар-класы па лепцы з гліны і роспісе керамічных вырабаў. 

Па краінах і кантынентах. Выстава дзесяці прафесійных фотамастакоў адкрылася ў арт-гасцёўні "Высокае месца". Экспазіцыя - своеасаблівы візуальны аповед вопытных падарожнікаў праз фотаздымкі аб шматграннасці і прыгажосці свету.

Удзельнікі праекта - члены Беларускага грамадскага аб'яднання фатографаў "Фота Трэвел Клаб". Яны прадэманстравалі ўнікальныя фотакарціны з Ісландыі, Індыі, Італіі, Манголіі, краін Афрыкі. У фотааб'ектыў аўтараў выставы трапілі не толькі прыродныя з'явы і пейзажы, але і народныя святы і традыцыі розных народаў. Па суботах будуць праходзіць творчыя сустрэчы з мастакамі, якія падзеляцца сваімі прафесійнымі сакрэтамі.

Камічная опера Даніцэці "Дон Паскуале" - адзін з самых выдатных твораў кампазітара. У суботу - прэм'ерны паказ спектакля ў пастаноўцы Міхаіла Панджавідзэ. Вялікі тэатр Беларусі запрашае.

 Здымачная група "Праменада" зазірнула на рэпетыцыю оперы. Галоўныя партыі выконваюць выключна маладыя салісты - Андрэй Кліпо, Андрэй Мацюшонак і Анастасія Храпіцкая. А Андрэю Сялюціну прыйшлося пераўвасобіцца ў сталага Дона Паскуале, які хоча ажаніць свайго пляменніка Эрнэста з багатай нявестай. Аднак малады чалавек не згодны з выбарам дзядзькі, ён закаханы ў іншую жанчыну.

У нядзелю раніцай балет "Казка аб трох парасятах", а ўвечары - балет для дарослых Людвіга Мінкуса "Дон Кіхот".

Сюжэт кампазітар Мінкус пазычыў у Мігеля Сервантэса, але гісторыя летуценніка Дона Кіхота стала фонам гісторыі кахання дачкі карчмара Кітры і цырульніка Базыля. Гэта балет-феерыя з яскравымі касцюмамі і харэаграфіяй. Упершыню ў ролі Кітры на беларускую сцэну выйдзе Людміла Хітрова. Памятайце, што ў нядзелю пачатак вячэрняга спектакля  а 18-й гадзіне.

Міжнародны фестываль дзіцячых танцавальных калектываў пройдзе ў нядзелю на сцэне канцэртнай залы "Мінск". Нясумных выхадных!