Рубрыка "Праменад"

4 декабря 2015

Кінафестываль пад эгідай ААН, мастацкія асаблівасці латышскага тэкстылю і новыя экспазіцыі ў Нацыянальным мастацкім музеі. Як адметна правесці выхадныя, раскажа Ларыса Гулякевіч. Рубрыка "Праменад".

У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі багата культурных падзей. Адна з іх - персанальная выстава мастака Беларусі, якая праходзіць упершыню, Рамана Заслонава. Яго карціны – гэта гімн жанчыне, апавяданні з гісторыямі і нават яскравымі раманамі.

Больш за 30 жывапісных палотнаў. Мастацтва Рамана Заслонава, унука легендарнага Канстанціна Заслонава, які гераічна загінуў падчас Вялікай Айчыннай вайны, заснавана на класічных традыцыях еўрапейскага жывапісу. Карціны мастака гарманічна спалучаюцца з мадэрнісцкімі і постмадэрнісцкімі прыёмамі. Творы Рамана Заслонава знаходзяцца ў галерэях Парыжа, ЗША, Іспаніі, Германіі, Швейцарыі, але ў Беларусі персанальная выстава арганізаваная ўпершыню.

Яшчэ адна выстава адкрылася ў суседняй зале першага паверха Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. Экспазіцыя “Колер жыцця” прымеркавана да 90-годдзя з дня нараджэння яшчэ аднаго беларускага мастака Мікалая Залознага (1925–1982). Экспазіцыйную прастору складуць каля 30 жывапісных твораў са збору музея, з калекцыі Беларускага саюза мастакоў і сям’і майстра.

Латвійскія мастакі па тэкстылі распавядаюць свае гісторыі беларускім гледачам. Новая экспазіцыя «Вібрацыі матэрыялаў» у Цэнтры сучасных мастацтваў знаёміць з найбольш актуальнымі ідэямі з выкарыстаннем разнастайных матэрыялаў і тэхнік.

Тэкстыль, як і мова, яскрава характарызуе нацыю, выяўляе яе каштоўнасці, вопыт і светаадчуванне. Трыццаць пяць аўтараў розных пакаленняў - ад першых выпускнікоў Латвійскай акадэміі мастацтваў да студэнтаў малодшых курсаў. Усе яны з асабістым бачаннем свету ў шырокім тэматычным спектры. Эксперыментавалі з самымі рознымі матэрыяламі: ваўняная нітка, лёска, метал, батык, лён. Абстрактныя палотны і пейзажы ад шасці сантыметраў да двух з паловай метраў. Больш за паўсотні ткацкіх кампазіцый латышскіх мастакоў да канца снежня будуць упрыгожваць залы Цэнтра сучасных мастацтваў.

У адным з найстарэйшых кінатэатраў сталіцы - «Перамога» - праходзіць VIII фестываль фільмаў пад назвай «Чалавечая годнасць, роўнасць, справядлівасць».

VIII кінафестываль пад эгідай ААН стартаваў у Мінску. У праграме – паказ дзесяці сусветных фільмаў, сюжэты якіх распавядаюць пра каштоўнасць жыцця і магчымасці людзей з рознымі сацыяльнымі ўмовамі. У фестывалі бяруць удзел кінастужкі Амерыкі, Бразіліі, Францыі, Фінляндыі, Англіі. Упершыню далучыўся Ізраіль.

У праграме фестывалю як кінакарціны 90-х, так і сучасныя, сярод якіх сёлетні прызёр Канскага кінафестывалю – французскі «Дзіпан». Форум праходзіць ў сталічным кінатэатры “Перамога” да 10 снежня. Усе паказы бясплатныя. А ў фае экспануецца выстава, прысвечаная 70-годдзю Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Заўтра у "Арэна-Сіці" джазавы канцэрт, а ў Ліцэі БДУ завяршаецца XII Міжнародны фестываль студэнцкіх тэатраў «Тэатральны куфар БДУ».