Рубрыка "Праменад"

31 июля 2020
Мастацкія галерэі запрашаюць на экспазіцыі, якія можна наведаць у гэтыя выхадныя. "Палац мастацтва"  (арт-пляцоўка Беларускага саюза мастакоў)  прапануе азнаёміцца з авангардным тэкстылем школы Паўла Бондара. Тут таксама праходзіць «Трыенале сучаснага мастацтва». Галерэя Шчамялёва запрашае наведаць жывапісную экспазіцыю Міхася Карпука, а Гістарычны музей - фотапраект "Спадчына Беларусі". Усе падрабязнасці - у Ларысы Гулякевіч

Векавыя традыцыі народнага тэкстылю і самыя авангардныя эксперыменты. Творчасці заснавальніка школы беларускага тэкстылю Паўлу Бондару прысвечана экспазіцыя ў Палацы мастацтва.

Унікальны педагог і мастак-наватар, вынаходнік абсалютна новых аўтарскіх прыёмаў і тэхнік. Апошнія гады жыцця Павел Бондар прысвяціў студэнтам кафедры тэкстылю і касцюма Акадэміі мастацтваў, дзе выкладаў доўгія гады. Ён пакінуў каштоўны тэарэтычны і метадычны матэрыял, сярод якога аўтарскія габелены-ручнікі.

Амаль уся астатняя прастора Палаца мастацтва належыць “Трыенале сучаснага мастацтва”. Гэта конкурсныя работы арт-моладзі ў 10 намінацыях.

Трыенале застаецца пад прыцэлам арт-экспертаў. Лепшыя працы намінантаў Нацыянальнай прэміі ў галіне выяўленчага мастацтва неабходна абраць да 7 жніўня. Акрамя жывапісу, графікі, скульптуры і дызайну - журы ацэньвае наватараў і ў актуальным мастацтве. 

Праект "Спадчына Беларусі" - у Нацыянальным гістарычным музеі. Мастацкія фатаграфіі паказваюць адноўленую архітэктурную спадчыну нашай краіны: Мір, Нясвіж, сядзібы ў Скоках, Лошыцы і шмат іншых.

Архітэктурныя помнікі і прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва 9-20 стагоддзяў, якія захаваліся на тэрыторыі нашай краіны. Фотапраект "Спадчына Беларусі" стартаваў у 2001 годзе. За гэты час аўтарамі выдадзены прэзентацыйныя кнігі-альбомы, дакументальныя фільмы і фотаздымкі. Шырокую вядомасць праект атрымаў, дзякуючы фотавыставе пад адкрытым небам каля парка Чалюскінцаў.

Любоў да роднай Беларусі ў работах жывапісу і графікі Міхася Карпука. Экспазіцыя ў мастацкай галерэі Леаніда Шчамялёва.

Мастаку кіно і тэлебачання, графіку і жывапісцу  Міхасю Карпуку сёлета споўнілася б 90 гадоў. Гарадскія галерэі ладзяць юбілейныя выставы, прысвечаныя яго шматбаковаму таленту. Тут, у галерэі Шчамялёва, рэтраспектыўная экспазіцыя "Да Неба ішоў...", дзе прапанаваныя творы жывапісу і графікі: партрэты сучаснікаў, знаёмыя і ўтульныя куткі Беларусі, лірычныя вясковыя краявіды.