Кветкі ў акварэлі і ілюстраваная казка ў выкананні маленькіх мастакоў. Дзве новыя выставы адкрыліся ў мастацкай галерэі “Універсітэт культуры”, што ў Палацы Рэспублікі. А ў суботу - джазавы вечар на сцэне Белдзяржфілармоніі. Усе падрабязнасці культурнай праграмы гэтых выхадных у Ларысы Гулякевіч.
Свет маленькіх велічынь: садовыя кветкі, птушкі, крохкія насякомыя ў пялёстках раслін. Дзве мастачкі дэманстрУюць сваю экспазіцыю ў акварэлях і малюнках - "Мы любім кветкі".
Адна натура для нацюрморта з розных пунктаў гледжання дзвюх мастачак. Творчы тандэм Лоры Стрыжак і Наталлі Харольскай склаўся некалькі гадоў таму. Іх аб'ядноўвае любоў да кветак і акварэльнага жывапісу. Па адукацыі - дызайнеры, выкладаюць у Беларускай акадэміі мастацтваў, ілюструюць дзіцячыя кнігі.
У іншай зале мастацкай галерэі "Універсітэт культуры" - казачная ілюстрацыя вачыма падлеткаў і іх настаўнікаў KAZKI.
Экспазіцыя KAZKI не зусім звычайная. Маленькія мастакі арт-студыі са сваімі настаўнікамі працавалі над ілюстрацыямі да адной казкі. Кожны ў сваёй інтэрпрэтацыі. Творчы праект раскрывае разнастайны свет ілюстрацый: ад традыцыйнай да наватарскай. Кожны малюнак дапоўнены адпаведным урыўкам тэксту, які дапамагае прачытаць і паглядзець казку ад пачатку да канца.
У суботу на “Джазавы вечар” запрашае Белдзяржфілармонія. На сцэне - уладальнік прэміі "Грэмі" саксафаніст Майран Уолдэн.
Майран Уолдэн - малады амерыканскі музыкант, які не толькі віртуозна іграе на саксафоне, але піша і аранжыруе музыку. У Мінск з канцэртам прыязджае не першы раз. Сёлета ён прыляцеў з новай праграмай і альбомам Journey Moments. Уладальнік прэстыжнай прэміі "Грэмі" Майран Уолдэн з'яўляецца яскравай зоркай сярод прадстаўнікоў сучаснага джаза. За сваю кар'еру выпускнік Манхэтанскай школы музыкі выпусціў 10 альбомаў аўтарскага джаза і запісаў больш за 30 альбомаў.
Працягваючы джазавую тэму - спектакль "Анегін плюс". У нядзелю расійская антрэпрыза ў Доме афіцэраў.
Прыемных і нясумных выхадных!













