Выхадныя - у парку! Падчас прагулкі можна наведаць дзве новыя выставы ў музеі "Лошыцкая сядзіба". У Палацы мастацтва - "Трыенале сучаснага мастацтва", а ў галерэі "Універсітэт культуры" - "Мастацтва без межаў".
Правесці выхадныя цікава запрашаюць сталічныя галерэі і Ларыса Гулякевіч. Пятніца - і для вас наш "Праменад".
"А ў нас у двары" … Тут жыхары флігеля Лошыцкай сядзібы садзілі дрэвы, дзеці гулялі ў футбол, а дарослыя ў даміно. Старонкі жыцця сядзібнага флігеля ў савецкія 70-я гады захаваліся на фотаздымках, праз іх можна дакрануцца… каму да дзяцінства, каму да рэтрагісторыі мінулага стагоддзя.
Чорна-белы фотаархіў пад адкрытым небам у Лошыцкім парку каля флігеля. Напрыканцы 19-га - пачатку 20-га стагоддзя тут жыў кіраўнік Лошыцкай сядзібы. У савецкі час драўляны будынак быў ператвораны ў шматкватэрны жылы дом, а ў 90-ыя ён стаў адміністрацыйнай установай. Фотовыстава працуе і ў анлайн-рэжыме на сайце Музея гісторыі горада Мінска.
Калі вы бавіце вольны час у парку і музеі Лошыцкай сядзібы, наведайце і новую экспазіцыю дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва "Скарбонка памяці".
Саламяныя коні, чаплі і буслы, керамічныя вырабы, калекцыя тэкстыльных і фарфоравых лялек, а таксама беларуская выцінанка і маляванка. Больш за 500 прадметаў мастацкіх рамёстваў створаныя майстрамі не аднаго пакалення з усіх этнаграфічных рэгіёнаў Беларусі.
Лепшыя мастацкія работы па выніках рэспубліканскага конкурсу - "Нацыянальная прэмія ў галіне выяўленчага мастацтва". 10 намінацый: "Жывапіс", "Графіка", "Скульптура", "Дызайн" і шмат цікавых арт-аб'ектаў і інсталяцый прадэманстраваныя ў Палацы мастацтва.
Сёлета трыенале прысвяцілі стагоддзю творчага аб'яднання УНОВІС, якое на чале з Казімірам Малевічам паўплывала на сусветныя мастацкія тэндэнцыі.
Знаёмства з каларытам Азіі праз жывапіс. "Мастацтва без межаў" прадэманстравалі ў галерэі "Універсітэт культуры". У экспазіцыі - абстрактныя пейзажы і міфалагічныя партрэты, створаныя падчас падарожжаў аўтара па экзатычных Індыі, Балі і Тайландзе.
Персанальная выстава мастака Алесі Філіпавай. Большасць палотнаў аўтара выстаўленыя тут упершыню.
Некаторыя карціны Алесі Філіпавай знаходзяцца ў прыватных індыйскіх калекцыях. Экзатычную экспазіцыю ў галерэі "Універсітэт культуры" можна ўбачыць да канца ліпеня.
У галерэі Савіцкага - цікавая сюррэалістычная выстава эксперыментаў у мастацтве "Стужка часу". Прыемных і нясумных выхадных!
Рубрыка "Праменад"
24 июля 2020













