Рубрыка "Праменад"

21 февраля 2020
Эксцэнтрычная мастацкая выстава Ганны Сілівончык, прымеркаваная да выхаду яе кнігі. Кветкі ў акварэлі дзвюх сябровак, спектакль "Жанчыны без межаў"  і казка пра дружбу ў Тэатры лялек. 

Як разнастайна і насычана правесці выхадныя, ведае Ларыса Гулякевіч. Яна раскажа пра гэта ў рубрыцы "Праменад".

"Шмат літар". Экспазіцыю не кніг, а жывапісу і арт-аб'ектаў прэзентуе Ганна Сілівончык. Аднак літаратура і вершы тут усё ж такі прысутнічаюць. Больш за 70 работ розных перыядаў яе творчасці запэўніваюць нас у шматграннасці мастака.

Выстава прымеркавана да выхаду ў свет кнігі вершаў і казак-прыпавесцяў для дарослых "І жылі яны доўга і сумна". Не абмяжоўваючы сябе рамкамі палатна, Ганна актыўна працуе з аб'ёмнымі формамі, эксперыментуе з рознымі выяўленчымі сродкамі і стварае ўласную экспрэсіўную жывую мову. У яе работах літары адначасова выконваюць ролю дэкаратыўнага элемента і з'яўляюцца адным з ключоў да прачытання малюнка.

Васіль Пяшкун, мастак і муж па сумяшчальніцтве, не толькі падтрымлівае яе ва ўсіх пачынаннях, але і дапамагае ў выкананні складаных інсталяцый.

Гэтых дзвюх мастачак аб'ядноўвае любоў да кветак. Але кожная малюе іх па-свойму. Сумесную выставу Лора Стрыжак і Наталля Харольская прэзентавалі ў мастацкай  галерэі "Універсітэт культуры".

Выстава "Я валяюся на траве, сто фантазій ў галаве..." прысвечана тэме дзяцінства, свету фантазій, мар і памкненняў, арганічнай узаемасувязі з навакольным светам жывой прыроды і яго насельнікамі. У экспазіцыі  станковая і кніжная графіка, але любімая фарба - акварэль. Капрызная і непаўторная. 

Выпускніцы Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, члены Саюза дызайнераў Беларусі, Лора Стрыжак і Наталля Хорольская шмат гадоў сумяшчаюць творчую дзейнасць з выкладчыцкай, рыхтуюць да прафесійнай дзейнасці будучых дызайнераў. 

Кветкавыя акварэлі і папяровая пластыка - вынікі шматгадовай працы мастачак у якасці ілюстратараў дзіцячай кнігі: народных казак, легенд, паэзіі для дзяцей, вобразаў беларускай і замежнай класікі. З работамі можна азнаёміцца да 2 сакавіка.

Сяброўства паміж лісамі і курамі? Не, такога не бывае! Аднак гэтая дзіўная гісторыя ўсё-такі здарылася! У Беларускім дзяржаўным тэатры лялек. У аснове спектакля  аповесць-казка шведскага пісьменніка Яна Экхальма "Тута Карлсан. Першая і адзіная". Прэм'ерны паказ  у нядзелю.

У новай пастаноўцы дэманструюцца розныя сістэмы лялек, жывы план і элементы ценявога тэатра. Гісторыя пра дзіўную дружбу маленькага ліса і кураня многія дзесяцігоддзі  ўваходзіць у спіс любімых казак, зачытаных да дзірак. Кранальная казачная гісторыя - добрая падстава выхаваць у дзецях ідэалы сяброўства, сумленнасці і дабрыні. 

Рэжысёр спектакля - Кацярына Ложкіна-Бялевіч - родам з Беларусі, аднак тэатральную адукацыю атрымала ў Расіі. Спектакль "Тута Карлсан. Першая і адзіная" - яе дэбют на беларускай сцэне. А  нядаўна афішу Тэатра лялек папоўніў яшчэ адзін спектакль - "Дзюймовачка" паводле казкі Андэрсена. 

На выхадных "Я іграю джаз". Дваццаць чацвёрты Адкрыты конкурс салістаў і фестываль ансамбляў пройдзе ў Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі.

 Прыемных і нясумных выхадных і да наступнай пятніцы!