Рубрыка "Праменад"

20 сентября 2019

Выхадныя ў Мінскай вобласці абяцаюць быць тэатральнымі. У Аляксандраўскім скверы ўсю суботу святкуем пачатак 100-га тэатральнага сезона Купалаўскага тэатра. На розных пляцоўках міжнародны форум "Тэарт", цікавыя выставы ў Мінскай ратушы і ў галерэі "Універсітэт культуры". Падрабязнасці ў Ларысы Гулякевіч
Гісторыя, традыцыі і сучаснасць самага старажытнага віду мастацтва – тэатра. Святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя 100-му сезону Купалаўскага, пройдуць у суботу. Канцэрты, перформансы, сустрэчы з тэатральнымі зоркамі ўвесь дзень на тэрыторыі Аляксандраўскага скверу.

"Пікнік у Аляксандраўскім" пачнецца а 12 гадзіне і скончыцца каля апоўначы. У праграме свята экскурсіі па тэатральным закуліссі, куды ніколі не ступала нага гледача: бутафорскі, рэквізітарскі, грымёрны і касцюмерны цэхі, арт-фае, партрэтная галерэя. У скверы, які яшчэ называюць тэатральным,  чакаюцца майстар-класы для дзяцей і дарослых. А 16-й гадзіне пачнецца канцэрт, а потым анлайн-трансляцыя спектакля “Радзіва Прудок” паводле кнігі Андруся Горвата. Калі сцямнее – праграма  "Будзем танчыць!"

Рэальныя і фантастычныя пейзажы, партрэты  і калажы. Больш за 30 карцін беларускага мастака Паўла Кандрусевіча аб'яднаны выставачным праектам "Memoria. Память". Экспазіцыя адкрылася ў галерэі "Універсітэт культуры". 

Ён працуе ў галіне станковага жывапісу і насценнага роспісу. Аднак гэтаму беларускаму мастаку падуладны розныя жанры еўрапейскага мастацтва. На рахунку Паўла Кандрусевіча  персанальныя выставы як у Беларусі, так і па-за яе межамі, а таксама ўдзел у шматлікіх пленэрах міжнароднага ўзроўню. Мастак з творчай сям'і. Дзед быў вядомы мастак  Натан Воранаў, а бацька беларускі кампазітар Уладзімір Кандрусевіч.

Падчас прагулак у Верхнім горадзе наведайце гарадскую ратушу. Тут адкрылася новая экспазіцыя "Вобразы Мінска": фарфор, значкі і грашовыя купюры савецкага перыяду. 

Мінск у  мініяцюрных вобразах увасоблены ў мастацкіх палотнах, фарфоравых вырабах, на  паштоўках, а таксама ў калекцыях манет і значкоў, якіх тут прадэманстравана каля 200. Асаблівае месца займае экспазіцыя карцін, дзе кожны з аўтараў на палотнах адлюстраваў свой Мінск. Калекцыя фарфору - гэта пераважна статуэткі і вазы фарфоравага завода сярэдзіны мінулага стагоддзя. Найстарэйшая датуецца  1940 годам. 

Сёння стартуе IX Міжнародны форум тэатральнага мастацтва "Тэарт", які працягнецца да 8 кастрычніка. Прыемных і нясумных выхадных і да наступнай пятніцы.