Рубрыка "Праменад"

17 августа 2018

Гарадская афіша прапануе шмат цікавага на выхадныя. Абрадавае свята, прысвечанае Яблычнаму Спасу, праводзіць Дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту. А Нацыянальны мастацкі запрашае на выставу беларускага мастака Ізраіля Басава. Аматарам класічнай музыкі варта паслухаць канцэрт пад адкрытым небам у самым сэрцы Мінска - ля сталічнай ратушы. Падрабязна Ларыса Гулякевіч.

"Спасаўка-ласаўка". Што гэта за народнае свята, як яго адзначалі нашы продкі, падкажа і пакажа абрадавае мерапрыемства, прысвечанае Яблычнаму, Мядоваму і Хлебнаму спасам у гэтую нядзелю.

Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту запрашае правесці гэтую нядзелю на прыродзе і адзначыць народнае свята "Спасаўка-ласаўка", пачаставацца яблыкамі, мёдам і хлебным квасам. Рэканструкцыя святочных абрадаў дазваляе апынуцца ў беларускай вёсцы некалькі стагоддзяў таму і даведацца пра асаблівасці і гісторыю Яблычнага, Мядовага і Хлебнага спасаў. Забавы і гульні, конкурсы і прызы, а таксама ў праграме свята асвячэнне яблыкаў у Пакроўскай царкве.

"Прамудрасць пабудавала сабе дом ..." - маштабная рэтраспектыўная выстава класіка беларускага мастацтва мінулага стагоддзя Ізраіля Басава адкрылася ў Нацыянальным мастацкім музеі.

Дом, як сімвал духоўнага ладу, - галоўны вобраз экспазіцыі. Гэта храм, палац, цэнтр свету і космас. Звычайны блочны дом у Басава становіцца носьбітам мноства асацыяцый. Для мастака дом - гэта не толькі функцыя, гэта сакральная прастора і філасофія жыцця. На жаль, прызнанне як да аднаго з таленавітых і яркіх майстроў Беларусі прыйшло да Ізраіля Басава толькі пасля смерці.

Суботні праект "Класіка ля ратушы" працягваецца да канца жніўня. У гэту суботу сваю праграму дэманструе Minsk Festival Orchestra. Рубрыку "Праменад" запрасілі на рэпетыцыю канцэрта.

Калектыў Minsk Festival Orchestra спецыяльна быў створаны для выступлення ў Мінску на фэсце "Класіка ля ратушы". Частка музыкантаў жыве ў Еўропе. Так, беларусы Цімур Сергееня і Лілія Умнова жывуць і выкладаюць у Бельгіі; Анастасія Карызна - у Францыі, Ігар Саланенка - у Польшчы. Кожны дзень ідуць рэпетыцыі.

Для прыхільнікаў класічных субот уваход на канцэрт, дзе будзе гучаць музыка Баха, Вівальдзі, Глінкі і іншых кампазітараў, вольны. Музычнае свята пад адкрытым небам пачнецца ўвечары традыцыйна а палове дзевятай.

Што тычыцца свят нацыянальных культур, што ладзяцца на плошчы Свабоды ў выхадныя дні, то ў суботу праграму падрыхтавала Украіна, а ў нядзелю дзень Карэі.