Рубрыка "Праменад"

1 апреля 2016

Фестываль маладых музыкантаў «Мінская вясна» стартуе сёння ў Белдзяржфілармоніі; на народнае свята «Гукаем вясну» запрашае Музей народнай архітэктуры і побыту; а выстава «Кола-арт» прадэманструе работы сямі беларускіх майстроў. Падрабязнасці ў нашай рубрыцы «Праменад» з Ларысай Гулякевіч.

Па ўсіх прыкметах надвор’я вясна прыйшла ў сталіцу і ў Белдзяржфілармонію, дзе пачаўся трыццаць другі Міжнародны форум маладых музыкантаў «Мінская вясна - 2016».

Фэст «Мінская вясна - 2016» пачынаецца сёння з праекта «Мандалінісіма». На адной сцэне збяруцца віртуозы гітарнай і мандаліннай музыкі з Беларусі, Францыі, Калумбіі, Венесуэлы.

Рыкарда Сандавал, музыкант, кампазітар (Венесуэла - Францыя): "Я не першы раз у Мінску. Мне вельмі падабаецца не толькі ваша цудоўная краіна, але і публіка, якая з асалодай слухае лацінаамерыканскія мелодыі. Тым больш што інструменты мандаліна і бандола - родныя сёстры вашай домры і балалайкі".

У гэтым сезоне міжнароднага форуму маладых музыкантаў 26 канцэртаў. Аматараў класікі чакае сустрэча з камернай, сімфанічнай, вакальнай, харавой, фальклорнай, джазавай музыкай.

Трэба дадаць, што ўсе канцэрты прысвячаюцца 80-годдзю Белдзяржфілармоніі, якое будзе адзначацца у наступным годзе.

У суботу тут канцэрт «Харавыя старонкі ХХ стагоддзя», а для маленькіх музыкантаў - урок-канцэрт ад маэстра Яўгена Бушкова «Дэбют юных талентаў».

Гуканне вясны - бадай, самае жыццярадаснае і кранальнае беларускае свята. Абрад, дзе няма дакладнага плана дзеянняў, галоўнае - спяваць і радавацца жыццю.

Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту запрашае на свята. Тут і заклікальныя спевы, і карагоды, абрады, майстар-класы па вырабе птушак, завітаюць сюды і фальклорныя калектывы з народнымі гульнямі ды танцамі. Свята пачнецца заўтра, 2 красавіка, а 12-й гадзіне і працягнецца да вечара.

Кола - універсальны сімвал, які адлюстроўвае адзінства, згоду, гармонію, безупыннасць і першапачатковую дасканаласць. "Кола-арт" – на выставу пад такой назвай запрашаюць сем мастакоў, што працуюць у тэкстыльным напрамку.

Больш за 50 твораў з керамікі і арт-аб'екты, каля 20 твораў мастацкага тэкстылю – габелен, ткацтва, вышыўка. Большая частка работ створаная на працягу апошніх гадоў, а некаторыя экспануюцца ўпершыню. Творчыя работы праекта «Кола-арт» будуць упрыгожваць выставачныя залы да 17 красавіка.

Нясумных выхадных!