Рубрыка "Праменад"

14 сентября 2018

Экспазіцыя "Вайна і мір" у новым для музея фармаце, фотавыстава пра Маскву ад беларускага майстра і адкрыццё тэатральнага сезона ў Вялікім тэатры Беларусі. Плануем культурныя выхадныя з Ларысай Гулякевіч. Рубрыка "Праменад".

Дом Масквы ў Мінску прэзентуе фотавыставу пра Маскву, але беларускага майстра Ірэны Гудзіеўскай. У прафесійнай скарбонцы аўтара шмат гарадоў і краін, а сваімі ўражаннямі ад падарожжаў яна дзеліцца праз фотааб'ектыў.

Вобразы Масквы ад беларускага фотамастака. Выставай "З любоўю пра Маскву" аўтар пачынае новы праект "Мова свету", дзе раскрывае прыгажосць і характар не толькі розных гарадоў, але і цэлых рэгіёнаў і краін. Так, Расія будзе паказана праз шматлікія малыя і вялікія населеныя пункты. Фатограф Ірэна Гудзіеўская вядомая праектамі "Сімвалы Беларусі" і "Зачараванне".

У мінскім Доме Масквы таксама прайшоў святочны канцэрт, прысвечаны Дню Масквы.

Стартаваў новы, 86-ы тэатральны сезон у Вялікім тэатры Беларусі. У нядзелю - опера Джузэпэ Вердзі "Аіда", а на прыступках тэатра гледачоў будзе сустракаць духавы аркестр. Так што прыходзьце загадзя.

У новым тэатральным сезоне аднаўляецца добрая традыцыя сустракаць тэатральных аматараў выступленнем сімфанічнага аркестра. Папулярную класіку можна будзе пачуць кожную нядзелю ў 17:10 на плошчы каля Вялікага тэатра. А 19-й гадзіне - опера Джузэпэ Вердзі “Аіда”.

Гістарычны музей прапаноўвае новыя выставы. Адна з іх прысвечана славутым дзеячам Беларусі, другая - Першай сусветнай вайне. Экспазіцыя "Вайна і мір" пройдзе ў цалкам новым для музея фармаце і размесціцца ў дворыку на Карла Маркса, 12.

Замест звыклых музейных залаў часовая экспазіцыя “Беларусь 1914-1918. Вайна і мір” размясцілася ў старых будынках, якія знаходзяцца ў музейным панадворку і маюць сваю гістарычную каштоўнасць. Старая цэгла гэтых сцен нагадвае пра фартэцыі і ўмацаванні Першай сусветнай вайны, пераносіць наведвальнікаў з сучаснага цэнтра Мінска ў тую эпоху.

Выстава “Славутыя дзеячы Беларусі” складаецца з партрэтаў выдатных беларускіх асоб з калекцыі графікі музея - серыі каляровых літаграфій мастакоў Ляілі і Валянціна Варэца. Сярод іх - Францыск Скарына, Еўфрасіння Полацкая, Мікола Гусоўскі, Сымон Будны, Астафій Валовіч, Канстанцін Астрожскі, Леў Сапега, Сімяон Полацкі і шмат іншых.

Арыі і рамансы Глінкі і Чайкоўскага ў выкананні оперных вакалістаў на сцэне Белдзяржфілармоніі ў нядзелю. Нясумных выхадных і да наступнай пятніцы.