Рубрыка "Праменад"

1 мая 2015

Першамайскія выхадныя абяцаюць быць сонечнымі і вясёлымі. Выступленне вулічных тэатраў, новыя выставы, прысвечаныя Вялікай Перамозе і пачатак вялікага пракату новага фільма “А зоры тут ціхія”. Падрабязнасці ў нашай рубрыцы “Праменад” з Ларысай Гулякевіч.

Спектаклі з розных краін свету пад адкрытым небам. Такое пабачыш не кожны дзень, але кожны год у цэнтры беларускай сталіцы. Мінскі форум вулічных тэатраў стаў традыцыйным і пройдзе ў гэтыя выхадныя, пачынаючы з сённяшняга дня.

Выступаць на тэрыторыі Верхняга горада прыехалі вулічныя артысты з Польшчы, Расіі, Францыі, Беларусі. Сярэдневяковыя фарсы, харэаграфічныя пастаноўкі, клаўнада, буфанада, нумары на хадулях, інтэрактыўныя спектаклі. Праграму 3-га Мінскага форуму вулічных тэатраў адкрые спектакль рускага тэатра “Віва камедыя”.

Выстава “Вясна 2015” прысвечана 70-годдзю Вялікай Перамогі. На гэты раз удзельнікі экспазіцыі ў галерэі “Універсітэт культуры” не толькі студэнты і выпускнікі кафедры народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, але і яе педагогі, прафесары, дацэнты, вучэбныя майстры.

Экспазіцыя ахоплівае шырокі дыяпазон відаў і тэхнік выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Жывапісныя палотны, тэкстыльныя кампазіцыі, аб'ёмна-дэкаратыўная кераміка, роспіс па тканіне, аплікацыя саломкай, лямец – усе творы прысвечаны Вялікай Перамозе.

Ветэраны Вялікай Айчыннай вайны - героі фотавыставы “Скрозь час” легендарнага фотамастака Юрыя Іванова.

Як кольцы на спіле дрэва адмяраюць яго гады, так і фотаздымкі адмяраюць этапы жыцця чалавека і чалавецтва.

Амаль ва ўсіх кінатэатрах Мінска пачынаецца шырокі паказ новага кінафільма паводле аповесці Барыса Васільева “А зоры тут ціхія…”. Рэжысёр і прадзюсар гістарычнага праекта Рэнат Даўляцьяраў упэўнівае, што сучасная версія не рэмікс на фільм Растоцкага, а зусім новы погляд на твор Барыса Васільева.

Май, 1942. Пяць дзяўчат-зенітчыц, учарашніх школьніц і старшына Васкоў супраць вопытных нямецкіх дыверсантаў – эліты войскаў СС. Сюжэт з усімі адпаведнымі сцэнамі. Тут і рамантыка, і дэтэктыўная лінія, і экшн у лепшых традыцыях баевіка.

Няхай першамайскія выхадныя будуць нясумныя і карысныя, прыемнага адпачынку!