Рубрыка "Праменад"

8 декабря 2017

Маляваныя дываны з музея- запаведніка «Заслаўе» - на выставе ў Мінску, пейзажы пад назвай «Аголеная натура» і балет «Жар-птушка» ў дзённым рэпертуары Вялікага тэатра Беларусі. Як цікава правесці выхадныя, ведае Ларыса Гулякевіч. Рубрыка "Праменад".

Маляваныя дываны - від народнай размалёўкі. Маляваныя на тканіне ці паперы мастацкія вырабы ў першай палове мінулага стагоддзя былі прызначаны для ўпрыгожвання інтэр’ера народнага жылля. Больш за 40 твораў у стылі наіўнага мастацтва такіх аўтараў як Язэп Драздовіч і Алена Кіш - прадстаўлены на выставе ў галерэі “Універсітэт культуры”.

“На шчасце, на долю” - выстава маляваных дываноў з фондаў Гісторыка-культурнага музея-запаведніка “Заслаўе”. Найбольшае распаўсюджванне яны атрымалі прыкладна ў 20-60-я гады XX стагоддзя ў вёсках і мястэчках Беларусі, асабліва ў Глыбоцкім, Шаркаўшчынскім раёнах Віцебскай вобласці, Слуцкім, Салігорскім раёнах Мінскай вобласці, на Палессі.

Вялікі тэатр Беларусі дае ў суботу дзённы спектакль паводле рускіх народных казак. Балет «Жар-птушка» на музыку Ігара Стравінскага з рэпертуару «Рускіх сезонаў».

«Жар-птушка» - першы балет на рускую тэму ў антрэпрызе Сяргея Дзягілева. Ля вытокаў нараджэння шэдэўра стаялі двое: кампазітар-пачатковец Ігар Стравінскі і Міхаіл Стравінскі - артыст балета і харэограф. «Жар-птушка» стала адной з першых і наватарскіх яскрава-дэкаратыўных партытур ХХ стагоддзя. Версію першай пастаноўкі, што адбылася больш за сто гадоў таму, аднавіў народны артыст Расіі Андрыс Ліепа.

А гэта экспазіцыя сямі маладых беларускіх мастакоў, якія прадэманстравалі больш за 80 жывапісных работ пад назвай «Аголеная натура».

Выстава адкрылася ў мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага. У экспазіцыі - работы, напісаныя выключна з натуры. Гэта камерныя пейзажы, сельскія прасторы, утульныя нацюрморты - кожны знойдзе тут сваё асабістае адчуванне прыроды. Маладыя і актыўныя жывапісцы новага пакалення працягваюць лепшыя традыцыі беларускай рэалістычнай школы жывапісу.

У Музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры праходзіць выстава, прысвечаная юбілею Горкаўскага тэатра. Нясумных выхадных і да наступнай пятніцы.