Рубрыка "Праменад"

7 августа 2020
Новыя экспазіцыі сталічных галерэй. Мастацкая пляцоўка "Універсітэт культуры" запрашае адразу на дзве новыя выставы: "Далёкае і блізкае"  ад мэтра Уладзіміра Гладкова і "Пошук формы"  ад маладой мастачкі Наталлі Максімавай. Рэтрапаказ любімых фільмаў - у Музеі гісторыі беларускага кіно. 

Усе падрабязнасці ў нашага культурнага аглядальніка Ларысы Гулякевіч. Рубрыка пятніцы "Праменад".

"Пошук формы" Наталлі Максімавай увасабляецца ў розных тэхніках - замалёўкі ці керамічная форма. Мастацкая галерэя "Універсітэт культуры" запрашае.

Малады аўтар працуе ў жанры абстрактнага мастацтва. Наталля Максімава  шукае сваю форму. У выніку  атрымліваюцца цікавыя эмацыянальныя вобразы, якія яны ўвасабляе ў гліне, фарбах, на паперы і палатне. У экспазіцыі "Пошук формы" прадэманстраваны  работы, створаныя за апошнія 5 гадоў. Знойдзеныя формы  ў жывапісе, графіцы і кераміцы  можна ўбачыць да 17 жніўня.

Іншая экспазіцыя галерэі прапануе 46 жывапісных і графічных твораў. Самабытнасць і нацыянальныя традыцыі народаў Сярэдняй Азіі, рэгіёна, дзе нарадзіўся аўтар выставы  Уладзімір Гладкоў. 

Прыгажосць архітэктурных славутасцей Самарканда, Бухары, Хівы і іншых сярэднеазіяцкіх гарадоў. Нацыянальныя касцюмы і творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва - характэрны каларыт азіяцкіх кірмашоў. А пейзажы гор, пустынь і рачулак дапаўняюць прыгажосць далёкай ад Беларусі Сярэдняй Азіі. Усё тут,  на экспазіцыі Уладзіміра Гладкова "Далёкае і блізкае".

"Кінахіты мінулых сезонаў"  у спецыяльным рэтрапаказе кіназалы Музея гісторыі беларускага кіно. 

Фільмы, якія запланаваны для спецыяльнага рэтрапаказу, выклікалі найбольшую цікавасць у наведвальнікаў музея за апошні год. Любімыя стужкі можна ўбачыць на працягу тыдня, а ў суботу Музей гісторыі беларускага кіно  прапануе  ў  15:00  і 17:00 французска-іспанскі фільм 1977 года "Гэты смутны аб'ект жадання". Сюррэалістычная кінастужка Бунюэля, натхнёнага бестселерам 20-х гадоў - раманам П'ера Луіса "Жанчына і паяц". Стужка мае мноства ўзнагарод міжнародных кінафэстаў.

У нядзелю тут паказ амерыканскага фільма 1956 года "Вышэйшае грамадства" (High Society). Лёгкая музычная камедыя з пазітыўным зместам на тэму перадвясельнай ліхаманкі, якая аб'яднала сусветныя таленты Б. Кросбі, Ф. Сінатры і Л. Армстронга з прыгажуняй Г. Келі. 

"Да сустрэчы на сцэне". Так называецца выстава, прымеркаваная да 100-годдзя Купалаўскага тэатра. На наступным тыдні экспазіцыя чакае ў Нацыянальным гістарычным музеі. Прыемных і нясумных выхадных і да наступнай пятніцы.