Рубрыка "Праменад"

6 мая 2016

І святочныя выхадныя будуць насычанымі ў культурным плане! У Верхнім горадзе - міжнародны фестываль вулічных тэатраў, а ў мастацкіх галерэях адкрываюцца новыя выставы. Пра гэта і не толькі рубрыка «Праменад» з Ларысай Гулякевіч.

Чацвёрты міжнародны фестываль вулічных тэатраў пачынаецца сёння і будзе праходзіць усе выхадныя на тэрыторыі Верхняга горада. Заўтра а 12 гадзіне - яскравае карнавальна-тэатралізаванае шэсце.

За гэтыя часы форум стаў прафесійнай пляцоўкай для усіх вулічных тэатраў Беларусі і не толькі, а таксама вывеў на вуліцу прафесійны цырк і драматычны тэатр. Гэта першы і адзіны пакуль такі фестываль у краіне.

Замежныя ўдзельнікі - сябры з Прыднястроўя тэатр «Тук-тук», з Польшчы «Тэатр на чамаданах» і творчае аб'яднанне «Карнавальчык» з Піцера. Упершыню сёлета прыехалі госці з Германіі - «Каралева сэрцаў».

Выстава «Яраславія» - адзін з творчых цыклаў народнага мастака Беларусі Барыса Аракчэева. Музей сучаснага выяўленчага мастацтва.

Каля сямі выстаў ладзіцца ў розных гарадах Беларусі з нагоды 90-годдзя народнага мастака Барыса Аракчэева. Адзін з некалькіх аўтарскіх цыклаў - выстава «Яраславія», што адкрылася ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску. Работы ў розных мастацкіх тэхніках прысвечаны яраслаўскай зямлі, мястэчкам, дзе нарадзіўся Барыс Аракчэеў. Беларусь стала яго другой радзімай, куды малады Барыс Аракчэеў трапіў у ваенным 1944-м. Тут і знайшоў сваё каханне.

З надыходзячым святам Вялікай Перамогі! Нясумных вялікіх выхадных, і да наступнай пятніцы.