Рубрыка "Праменад"

5 октября 2018

Надыходзячыя выхадныя будуць вельмі багатымі на падзеі. У Мінску пройдзе Міжнародны фестываль Юрыя Башмета. Аматары мастацтва могуць наведаць новую выставачную прастору Libra на плошчы Перамогі. Там прадстаўлены знакамітыя працы Шагала, Далі і іншых. Наш карэспандэнт Ларыса Гулякевіч падрыхтавала агляд культурных падзей.

У нядзелю стартуе ХІІІ Міжнародны фестываль Юрыя Башмета. Зоркі класічнай музыкі, сусветныя музычна-тэатральныя прэм'еры і шмат цікавага для аматараў сапраўднага музычнага мастацтва.

Першы канцэрт фэстывалю - 7 кастрычніка з удзелам вядомага піяніста Мікалая Луганскага на сцэне Белдзяржфілармоніі. Але афіцыйнае адкрыццё - 10 кастрычніка, дзе выступяць народны артыст СССР Юрый Башмет і камерны ансамбль "Салісты Масквы".

Libra - новая выставачная прастора адкрылася ў самым сэрцы Мінска на плошчы Перамогі. Самыя гучныя імёны - на авангарднай выставе. Сярод іх Кандзінскі, Сальвадор Далі, Шагал і Вазарэлі.

Мастакі-авангардысты ХХ стагоддзя далі пачатак новаму вітку ў мастацтве. Маніфестам авангарда стаў вядомы "Чорны квадрат" Казіміра Малевіча. Упершыню ў Мінск прыехалі работы такіх мастакоў, як Васіля Кандзінскага, Рене Магрыта, Віктара Вазарэлі. Яны адрозніваліся не толькі тэхнікай, але і стылістыкай работ, валодалі прынцыпова розным светапоглядам. Чаму ж сёння іх творы сабраны ў адной зале? Кожны ішоў сваім шляхам, але ўсе разам яны сталі стваральнікамі падзеі ў мастацтве - авангарду ХХ стагоддзя. У выставачнай зале будуць праводзіцца лекцыі мастацтвазнаўцаў.

Вобразы яго карцін адушаўлёныя: кветкі, дамы, дрэвы, жывёлы, а людзі ў яго - казачныя. Жывапісныя карціны Аляксандра Дзямідава прадэманстраваны ў мастацкай галерэі "Універсітэт культуры". Колер настрою - жоўты.

Гэта рэтраспектыва работ, зробленых за апошнія 16 гадоў. Мова жывапісу Аляксандра Дзямідава зразумелая людзям розных краін, дзе і знаходзіцца большасць яго твораў у прыватных калекцыях. Яго персанальныя выставы праходзілі ў цэнтры П'ера Кардэна ў Парыжы, Picasso Gallery ў ЗША, Чэхіі, а таксама на радзіме ў беларускіх музеях і выставачных залах. Пазнаёміцца з незвычайным светам карцін Аляксандра Дзямідава можна да 15 кастрычніка. У межах выставы таксама пройдуць і майстар-класы ад мэтра.

Ілзе Ліепа - народная артыстка Расіі раскажа свае гісторыі ў праграме "Рускі балет" у суботу 6 кастрычніка на малой сцэне Вялікага тэатра Беларусі. Нясумных выхадных і да наступнай пятніцы.