Рубрыка "Праменад"

5 июня 2015

Вялікая творчая справаздача да 70-годдзя Акадэміі мастацтваў Беларусі дыхае маладой энергіяй і ўпэўненасцю. Легендарная “Паўлінка” ў Купалаўскім тэатры і джазавыя вечары ў Верхнім горадзе Мінска. Падрабязнасці у нашай рубрыцы “Праменад”.

Расказвае Ларыса Гулякевіч.

Усе выставачныя плошчы Палаца мастацтваў гэтымі днямі належаць адной з найстарэйшых творчых вну краіны - беларускай Акадэміі мастацтваў. Сёлета яна адзначае 70-годдзе і прапануе творчыя работы студэнтаў і выкладчыкаў амаль усіх факультэтаў. Юбілейная справаздача толькі 10 дзён.

Класічныя традыцыі, стылізацыя і эксперымент. На гэтых асновах мастацтва і грунтуецца вялікая выстава лепшых твораў, а больш дакладна, цікавых творчых імёнаў студэнтаў і выкладчыкаў Акадэміі мастацтваў Беларусі. Больш за паўтары тысячы твораў напоўнены энергіяй маладосці, пошуку і класічнага майстэрства. Яшчэ ў перыяд навучання пад дахам Акадэміі таленавітыя студэнты пад кіраўніцтвам мэтраў ствараюць унікальныя прыклады мастацтва, якія упрыгожваюць храмы, будынкі, вуліцы краіны.

Гэты спектакль першым мог бы трапіць у кнігу тэатральных рэкордаў, калі б такая існавала. Нідзе ў свеце пастаноўка не жыве на адной сцэне амаль 70 гадоў. “Паўлінка” - візітоўка першай сцэны Беларусі - Купалаўскага тэатра - і неўміручы літаратурны твор нашага класіка Янкі Купалы.

Па гэтым спектаклі можна ствараць асобны слоўнік крылатых выразаў ці пісаць падручнік па акцёрскім майстэрстве. “Паўлінка” ў гэту нядзелю. Легенда беларускага тэатра, якая кожнай хвілінай сцэнічнага дзеяння далучае да нацыянальнай культуры, выхоўваючы новыя і новыя пакаленні гледачоў і артыстаў. Прэм’ера спектакля ў пастаноўцы заслужанага дзеяча мастацтваў БССР Льва Літвінава адбылася ў 1943 годзе ў Томску, дзе тэатр знаходзіўся ў эвакуацыі.

Джазавыя суботнія вечары пачынаюцца заўтра. Музыканты з сямі краін свету будуць выступаць на фестывалі ў Верхнім горадзе

Мінска. Ён праходзіць ужо трэці раз і збірае на плошчы Свабоды каля 2 з паловай тысяч аматараў джазавай музыкі.

У гэту суботу праграму фестывалю джазавай музыкі пачне дацкі вакаліст і мультыінструменталіст Мадс Матыяс. Канцэрт пройдзе з удзелам беларускіх джазменаў каля ратушы. Завершыць музычны джазавы вечар квінтэт са Швецыі. Сярод іншых удзельнікаў фестывалю спевакі з Польшчы і Францыі, а таксама брытанскі джаз разам з беларускім “Яблычным чаем”.

Не забудзьце зазірнуць у гэты ўік-энд у Dreamland. Нясумных выхадных.