Рандэву з эстэтычным задавальненнем можна запланаваць на найбліжэйшыя выхадныя. Сталічныя арт-прасторы толькі на гэтым тыдні адкрылі з дзясятак экспазіцый. Так, Нацыянальны гістарычны прапануе настальгіраваць па савецкім Новым годзе праз 700 прадметаў ёлачнага антыкварыяту, а калекцыянер Уладзімір Ліхадзедаў - ацаніць маштаб талерантнасці нашай краіны праз старонкі яго новага альбома "Шматнацыянальная Беларусь". Больш падрабязны культмаршрут распрацавала і наша здымачная група.
Кожны снежань у культурнай афішы не тое што Мінска, усёй краіны становіцца на адну скарбонку больш. Гаворка пра "Тэатральны куфар". Гэта адзіны беларускі форум для студэнцкіх тэатраў з розных краін. Крыху лічбаў: за 16 гадоў фэсту на мінскіх сцэнах сыгралі прадстаўнікі 70 краін.
На жаль, сёлета замежныя пастановы толькі праз YouTube. Відэаперфомансы прыслалі тэатры Расіі, Ірана і Бразіліі. На дзвюх пляцоўках - ліцэя БДУ і арт-прасторы Hide - 12 беларускіх спектакляў з Мінска, Наваполацка і Віцебска. Гэтым разам з этыкеткай "Уновісу - 100 гадоў". Таму і адкрылі скарбонку ў лепшых традыцыях Малевіча: з супрэматычнага небалета.
Усяго на фэсце больш за 100 маладых артыстаў. Іграюць не па канонах і не класіку. Напрыклад, перфоманс паводле дзённіка вязня гродзенскага гета не знойдзеце ў хрэстаматыях і нават афішах рэспубліканскіх пляцовак.
Пасля нестандартных імпрэз абавязкова заходзьце ў Нацыянальны мастацкі, каб на свае вочы ўпершыню і дасканала разгледзець вытанчаную раскошу эмалі. Тэхніка XII стагоддзя, у якой працуе толькі некалькі майстроў ва ўсім свеце. Адзін з іх беларус Мікалай Кузьміч, яго імя ведае сёння кожны пяцікласнік.
Дарэчы, адноўлены крыж Ефрасінні Полацкай - сакральная справа яго рук. Толькі нядаўна дапрацаваў ефрасіннеўскую калекцыю: цяпер у краіны ёсць яшчэ і абраз прападобнай.
А яшчэ іканаграфію Беларусі папоўніў абразамі Кірыла Тураўскага і архангела Міхаіла. Зараз два дзясяткі шэдэўраў пад шклом Нацыянальнага мастацкага.
Сёння Кузьміч працуе ў тэхналогіі перагародчатай эмалі. На стварэнне толькі аднаго абраза - 7 месяцаў.
Менш чым за паўтара кіламетра ад шэдэўраў Кузьміча рязмясцілі экспазіцыю яшчэ адной мастачкі, рэчы якой зараз дэманструюць у 15 краінах свету. Фактычна паказ нацыянальнай моды ад Наталлі Смаляк. Тут, у галерэі "Універсітэт культуры", яна прапануе прачытаць код нацыі праз шляхецкія і вясельныя касцюмы.
Яе працы можна пабачыць на рэспубліканскіх фестывалях, тым жа “Славянскім базары”. Усяго больш за 150 харэаграфічных калектываў выкарыстоўваюць менавіта яе аўтарскія касцюмы. Акрамя эскізаў паводле беларускіх строяў, некаторыя серыі з гісторыі шляхты або нясвіжскіх легенд вырабляе ўручную. Арнаменты ўсіх этнакультурных рэгіёнаў - у тэхніцы ручнога васьмірамізнага ткацтва.
Больш за 100 стылізацый народных убораў прызнаваліся лепшымі на міжнародных фестывалях у Польшчы, Літве і Расіі. А калі вам проста хочацца паслухаць акадэмічны вакал, праз гадзіну запрашаюць у філармонію.
Тут прагучаць "Галасы сусвету". Юбілейную праграму падрыхтавала харавая капэла імя Шырмы. Беларускія сапрана і тэнары прапануюць прэм'еру.
Больш лакацый для арт-маршруту шукайце на сайце Белтэлерадыёкампаніі. Настройвайцеся на прыемную атмасферу і абавязкова не забывайце маскі.













