Рубрыка "Праменад"

3 января 2020
Навагоднія праграмы працягваюцца і ў першыя дні студзеня! У выхадныя  ў  Музычным тэатры казачныя прэм'еры - пра Ямелю і дамавіка  Кузю;  у Вялікім тэатры - класіка - балет "Шчаўкунчык"; а ў Мастацкім музеі - навагоднія квэсты для дзяцей. Падрабязнасці ў Ларысы Гулякевіч.

А ў Музычным тэатры адразу дзве прэм'еры для дзяцей. Спектаклі з навагоднімі прыгодамі Ямелі  і дамавіка  Кузі. Сюжэты любімых казак мяняюцца з улікам навагодняга сцэнарыя. Акрамя галоўных персанажаў - абавязкова прысутнічае Дзед Мароз.

Ямеля, палонка, шчупак і печка -  амаль ўсё як у знаёмай гісторыі. Аднак з улікам Новага года мяняецца і сюжэт. У новай музычнай казцы з'яўляецца чароўны камень Радамарын - ад слова радавацца. Яшчэ адна прэм'ера - "Навагоднія прыгоды Дамавіка  Кузі". У версіі Музычнага тэатра - казачныя падзеі адбываюцца напярэдадні Новага года. У спектаклі шмат вясёлых сітуацый, жартаў і, безумоўна,  чароўнай музыкі.

Вялікі тэатр Беларусі раніцай запрашае на класічны балет "Шчаўкунчык", а ўвечары - на святочныя гала-канцэрты з зоркамі оперы і балета.

Лібрэта да балета было створана Марыусам Пеціпа паводле  казкі Гофмана "Шчаўкунчык і Мышыны кароль". Прэм'ера адбылася ў снежні 1892 года ў Марыінскім тэатры Санкт-Пецярбурга. Класічная пастаноўка балета - неад'емная частка святочных навагодніх дзён. Чароўны спектакль на сцэне тэатра паказвае Беларуская дзяржаўная харэаграфічная гімназія-каледж з удзелам артыстаў балета Вялікага тэатра.

Нацыянальны мастацкі музей таксама запрашае на навагоднія прадстаўленні. Тут не столькі забаўная праграма з Дзедам Марозам і Снягуркай, колькі інтэлектуальны квэст. 

"Ёлка у Мастацкім". Маленькія і дарослыя госці музея трапляюць не толькі ў галерэйныя залы, але і сустракаюцца з казачнымі персанажамі.  Інтэлектуальнае свята прапануе разгадаць музейныя галаваломкі і паўдзельнічаць у інтэрактыўных квэстах, а таксама зазірнуць у творчыя майстэрні, стварыць навагоднія цацкі і атрымаць сюрпрызы. 

Выкарыстайце магчымасць наведаць выставы ў Нацыянальным мастацкім.

Так у чатырох залах першага паверха Нацыянальнага мастацкага музея размясцілася юбілейная выстава заслужанага дзеяча мастацтва Зоі Літвінавай "Знакі творчай волі". Каля 80 работ - жывапісныя палотны, акварэлі і лісты графікі. Яшчэ на пачатку 1970-х, калі ў жывапісе дамінаваў суровы стыль - яна прымусіла свае яскравыя работы  гучаць.

Тэматычныя навагоднія выставы праходзяць у Гістарычным музеі і Доме РСДРП. Прыемных  святочных і чароўных выхадных і да наступнай пятніцы.