Рубрыка "Праменад"

2 февраля 2018

"Стол" вярнуўся з Венецыі. Гучны арт-праект Рамана Заслонава дапоўнілі і прэзентавалі ў Мінску. У Вялікім тэатры Беларусі - прэм'ера сезона – балет «Карсар», а ў Белдзяржфілармоніі адразу два канцэрты для дзяцей. У пятніцу ў гэты час плануем выхадныя з Ларысай Гулякевіч і рубрыкай «Праменад».

З Венецыі ў Мінск прыехаў «Стол»! Не, гэта не мэбля, а арт-праект, які спачатку мастак Раман Заслонаў паказаў на Венецыянскай біенале, і толькі зараз прэм'ера на радзіме ў Беларусі.

За паўгода экспазіцыі «Стол» сабраў самыя лепшыя адзнакі сусветных экспертаў, потым цэлы месяц экспанаваўся ў Парыжы, і толькі сёння праект «Стол» прэзентуецца на радзіме ў Мінску. Аднак арт-праект пашырыўся: акрамя асноўнага відэафільма, дадаліся перформанс і гісторыя стварэння ў фота- і відэаматэрыялах. Акрамя Рамана Заслонава ў арт-праекце «Стол» удзельнічалі яшчэ два аўтары - Сяргей Талыбаў і Віктар Лабковіч, а таксама творчая група з беларускіх артыстаў.

«Расказы пра Баха» і «Дэбют юных талентаў». Адразу два музычныя канцэрты ў нядзелю адбудуцца ў Белдзяржфілармоніі. Гэта так званыя абанементы – такія ўрокі для дзяцей і дарослых у выглядзе канцэрта.

Канцэрты-абанементы – форма ўрока, дзе можна не толькі паслухаць лепшыя класічныя творы, але і даведацца пра гісторыю іх стварэння, цікавыя факты з біяграфій кампазітараў і шмат яшчэ чаго, што павінен ведаць кожны адукаваны чалавек. У нядзелю на сцэне Белдзяржфілармоніі першы канцэрт пачнецца а 15 гадзіне пад назвай «Дэбют новых талентаў», які дае Дзяржаўны камерны аркестр пад кіраўніцтвам Яўгена Бушкова. Другі – а 17 гадзіне - «Расказы пра Баха» з цыкла «Дзіцячыя гады любімых кампазітараў». Музычныя творы выконваюць лаўрэаты міжнародных конкурсаў, а расказвае музыказнавец Анатоль Парэцкі.

Паэма “Карсар” была напісана Джорджам Байранам у пачатку ХІХ стагоддзя пад шчаслівай зоркай. Паводле твора паставілі балет, і першая прэм'ера адбылася ў Парыжы ў 1856 годзе. А ў гэтую нядзелю сваю версію спектакля прапаноўвае Вялікі тэатр Беларусі.

У Расіі балет пра піратаў упершыню паставілі ў Марыінскім у 1899. З тых часоў «Карсар» – жаданы госць усіх тэатраў оперы і балета. У афішы Вялікага тэатра Беларусі новы балетны спектакль з кастрычніка 2017 - прэм'ера гэтага сезона! У мінскай рэдакцыі «Карсара» зроблены сінтэз дзвюх версій: аўтарская харэаграфія Вячаслава Хамякова ў стылістыцы балета піцерскай Марыінкі і Марыуса Пеціпа. Заблытаны сюжэт з прыгодамі, паядынкамі, выкраданнямі і ўцёкамі разгортваецца на фоне марскіх прастораў, на ўсходнім кірмашы і ў султанскім гарэме.

У мастацкай галерэі “Універсітэт культуры” адкрываецца персанальная выстава Аляксандра Адамава «Паглядзі на дом свой». Нясумных выхадных, і да наступнай пятніцы.