Рубрыка "Праменад"

1 марта 2019

Што апраналі на ўрачыстыя цырымоніі 100 гадоў таму, як выглядаюць туфлі сусветных зорак кіно, эстрады і спорту. Чаму вядомы скульптар аддае перавагу фотаапарату, дзе адзначыць Масленіцу? Усе падрабязнасці ў Ларысы Гулякевіч, рубрыка “Праменад”.

Беларускі скульптар Яўген Колчаў прапануе мастацкі фотапраект "45+1", што адкрыўся ў Гістарычным музеі. Галерэя характараў, настрояў, эмацыянальных станаў у аб'ектыве святла, колеру і формы.

У экспазіцыі прадэманстравана 45 фотапартрэтаў вядомых дзеячаў культуры і мастацтва, сярод іх Ігар Бархаткоў, Сяргей Грыневіч, Арлен Кашкурэвіч, а таксама Май Данцыг, за якія Яўген Колчаў быў узнагароджаны Нацыянальнай прэміяй Беларусі ў галіне выяўленчага мастацтва. 46-м экспанатам стаў партрэт самога аўтара.

Гісторыю абутку XVIII стагоддзя, а таксама лепшыя туфлі і чаравікі сусветных знакамітасцяў прапануе новая экспазіцыя ў выставачнай зале LIBRA. Не абышлося і без навінак і цікавых распрацовак ад сусветных брэндаў, якія сталі выключна музейнымі экспанатамі.

Асноўную частку экспазіцыі складае калекцыя з муніцыпальнага музея абутку імя Кавалера Вінчэнца Андольфі з італьянскага горада Сант-Эльпідыа а Марэ. Гэты рэгіён у Італіі - адзін з асноўных цэнтраў вытворчасці абутку і радзіма вядомых сусветных брэндаў.

На выставе і зорныя чаравічкі, якія ў свой час насілі такія вядомыя асобы, як спявак Пупа, гоншчык “Формулы-1” Эдзі Ірвайн, легендарны італьянскі галкіпер Джанлуіджы Буфон, чэмпіён свету і Еўропы Зінедзін Зідан і іншыя зоркі спорту, кіно і эстрады. А таксама любімыя туфлі Алы Пугачовай, Вадзіма Галыгіна, Паўла Волі.

Гісторык моды, калекцыянер і вядучы "Моднага прыгавору" Аляксандр Васільеў запрашае на баль у Гістарычны музей Беларусі. У экспазіцыі мэтра моды - сукенкі і касцюмы з урачыстых цырымоній за апошнія сто гадоў. Больш за 100 эфектных вобразаў і некалькі сотняў рознабаковых аксесуараў, ювелірных вырабаў і біжутэрыі, створаныя буйнымі куцюр'е і сусветна вядомымі дамамі моды. Аляксандр Васільеў з дапамогай сваіх экспанатаў правядзе падарожжа па бальных вечарынах 1920-х, 30-х, часоў Першай сусветнай вайны і пасляваеннага дзесяцігоддзя. Рамантычныя сукенкі 60-х, бунтарскія 70-х, яркія 80-х і больш стрыманыя 90-х дапоўняць модную экспазіцыю ў Гістарычным музеі.

Масленіца ідзе. Святочныя праводзіны зімы пачынаюць адзначаць і ў Музеі народнай архітэктуры і побыту, што ў вёсцы Азярцо. Традыцыйныя гульні, выступленне фальклорных калектываў і лялечнага тэатра "Батлейка" пачнуцца ў суботу. Атмасферу вясёлага старажытнага славянскага свята адразу ў сямі днях масленічнага тыдня дапамогуць адчуць традыцыйныя гульні і забавы, батлейка і фальклорныя калектывы, ценявы тэатр. У музеі пад адкрытым небам будзе працаваць рыцарская пляцоўка. Кульмінацыяй Масленіцы стане спальванне чучала зімы Марэны.

Сустракаюць Масленіцу і ў Нацыянальным мастацкім музеі з панядзелка ўвесь тыдзень. Нясумных і прыемных выхадных і да наступнай пятніцы.