Рубрыка "Праменад"

29 ноября 2019
Адразу некалькі цікавых выстаў ў сталічным Палацы мастацтва. Традыцыйныя тэхнікі і аўтарскія прыёмы, міні-тэкстыль і "Кніга пяску" - праект, які раскрывае ўсе пясочна-філасофскія тайны. А таксама  канцэрт барочнай музыкі і джазавы фестываль. Падрабязнасці ў Ларысы Гулякевіч - рубрыка "Праменад".

Правесці выхадныя на мастацкай хвалі можна ў адным месцы. Палац мастацтва на Казлова, 3 запрашае на некалькі выстаў. Адна з іх прысвечаная адкрыццю IV Беларускага трыенале сучаснага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.  Шырокі дыяпазон традыцыйных тэхнік і інавацыйных аўтарскіх прыёмаў ў галіне мастацкага тэкстылю, керамікі, шкла, металу, скуры. Пры ўсёй разнастайнасці прапанаваных мастакамі тэм, вобразаў, кампазіцыйных і стылістычных рашэнняў  іх аб’ядноўвае агульнае імкненне наблізіцца ў сваіх працах да сутнасці выказвання паняццяў аб гармоніі і прыгажосці навакольнага свету.

Тут жа, у Рэспубліканскай мастацкай галерэі, праходзіць арт-праект "Міні-тэкстыль", падрыхтаваны секцыяй мастацкага тэкстылю Беларускага саюза мастакоў.

Сёння міні-тэкстыль выліўся ў асобны тэкстыльны рух і стаў неад’емнай часткай розных напрамкаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Эксперыменты з матэрыялам дазваляюць майстрам знайсці нечаканыя мастацкія рашэнні: гэта і класічнае гладкае габеленавае ткацтва, вышыўка, мастацкі лямец і тэкстыльная мазаіка, розныя спалучэння тэхнік і прыёмаў. Сучасная тэкстыльная пластыка ўсё больш напаўняецца аб’ёмам, часта ўбіраючы ў сябе рысы скульптурнага твора.

Калектыўны праект "Кніга пяску" аб'яднаў пяць аўтараў. Кожны з творцаў працуе ў розных мастацкіх напрамках, але асноўная тэма праекта - пясок, які стане галоўным героем розных інсталяцый, відэаарту, жывапісу і іншых сэнсавых фантазій мастакоў.

Пясок не мае пачатку і канца… не абмяжоўваецца часам і прасторай. Мастакі - удзельнікі выставы "Кніга пяску" - амбіцыйна і разам з тым наіўна ставяць задачу даследаваць тое, што не даследуецца, зразумець незразумелае. Пясок выступае тут як тэма, як сімвал і як матэрыял - у спалучэнні з філасофскімі разважаннямі пры дапамозе такіх матэрыялаў, як кераміка, шкло, жывапіс на палатне, метале і паперы. Выстава працягнецца да 12 снежня на Казлова, 3.

Белдзяржфілармонія ў суботу запрашае на канцэрт барочнай музыкі з аўтэнтычнымі інструментамі, прывезенымі з Масквы. Падобны канцэрт у Беларусі адбудзецца ўпершыню.

Ансамбль барочнай музыкі ATEMZEIT вывучае гістарычны кантэкст, які абумовіў існаванне той музыкі, якая сёння завецца барочнай. Паглыбленне ў традыцыі і выкарыстанне разнастайных крыніц - тое, што максімальна набліжае да арыгінальнага гучання. Інструменты ансамбля з Масквы - копіі гістарычных. Выканаўцы імкнуцца стварыць эфект вандравання ў часе, таму даносяць да слухача не толькі вобраз, але і дэталі далёкай эпохі. А на сцэне Палаца прафсаюзаў сёння і заўтра працягваецца джазавы фестываль з зоркамі сусветнага джазу. Прыемных і нясумных выхадных!