Рубрыка "Праменад"

28 сентября 2018

Вы ўжо спланавалі выхадныя? У музеі "Лошыцкая сядзіба" адкрылася новая выстава двух мастакоў пад рамантычнай назвай "Куды плывуць аблокі". У Мінску працягваецца Міжнародны форум тэатральнага мастацтва "ТЭАРТ", а ў Вялікі тэатр вярнулася балетная класіка. Усе падрабязнасці ў Ларысы Гулякевіч.

Музей "Лошыцкая сядзіба" запрашае на выставу мастацкай пары Ганны Сілівончык і Васіля Пешкуна. Сумесная экспазіцыя аб'ядноўвае зусім розных па стылі мастакоў пад назвай "Куды плывуць аблокі".

Яна - сама імправізацыя. Яе героі - неверагодныя вобразы і казачныя жывёлы. Ганна Сілівончык падкрэслівае прыгажосць унутраную, а не вонкавую. У яе карцінах - шчасце, радасць, любоў, зараджэнне новага жыцця і неймаверны пазітыўны настрой.

Ён - жывапісец, які працягвае традыцыі беларускага рэалістычнага мастацтва. Для яго крыніца прыгажосці і энергіі - сама прырода. Усе свае пейзажы і нацюрморты Васіль Пяшкун стварае выключна з натуры.

У Мінску праходзіць Міжнародны форум тэатральнага мастацтва "ТЭАРТ". Сёлетні слоган - "Разгерметызацыя". 30 верасня - танцавальны спектакль карэйскага рэжысёра і харэографа Кім Чжэ Дока. Гэта сумяшчэнне традыцыйнага карэйскага жанру і сучаснага танца, блюза і рок-музыкі.

Геаграфія "ТЭАРТа" кожны год пашыраецца. Сёлета праграму форуму складаюць 19 пастановак з 10 краін: Беларусі, Паўднёвай Карэі, Францыі, Фінляндыі, В'етнама, Літвы, Латвіі, Польшчы і Бельгіі. Прыхільнікам танцавальнага жанру "ТЭАРТ" пакажа тры харэаграфічныя спектаклі. Адзін з іх - у нядзелю, 30 верасня. Паўднёвакарэйскі тэатр сучаснага танца "Мадэрн Тэйбл" прадэманструе пастаноўку "Даркнес Пумба" аб вандроўных музыкантах на сцэне ДК МАЗ. Малавядомая нам традыцыйная карэйская народная культура стане больш зразумелай дзякуючы форуму тэатральнага мастацтва, які прадоўжыцца на пляцоўках Мінска да 16 кастрычніка.

А ў Вялікім тэатры - вялікая падзея: вярнуўся народны артыст СССР Валянцін Елізар'еў у якасці мастацкага кіраўніка. У нядзелю на сцэне тэатра - балетная класіка Пятра Чайкоўскага "Шчаўкунчык", праўда, у пастаноўцы Аляксандры Ціхаміравай.

Легендарны спектакль створаны паводле казакі Эрнста Гофмана "Шчаўкунчык і Мышыны кароль". Лібрэта - Марыуса Пеціпа. Новая рэдакцыя ў Вялікім тэатры Беларусі была створана пяць гадоў таму харэографам Аляксандрай Ціхаміравай. Цудоўны балет Чайкоўскага з'яўляецца неўміручай класікай рускага балетнага мастацтва для ўсяго свету.

У Малой зале Белдзяржфілармоніі ў суботу - канцэрт камернай музыкі. У праграме - Бах, Бетховен і Расіні.