Рубрыка "Праменад"

27 октября 2017

Тэатр ценяў з Украіны на сцэне ў Мінску, балет «Лебядзінае возера» ў Вялікім тэатры Беларусі, а беларускія музеі рыхтуюць экспазіцыі да 100-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі. Плануем культурныя выхадныя з Ларысай Гулякевіч.

Беларускія музеі далучаюцца да святкавання 100-годдзя Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі. Экспазіцыя «Мінск 1917» адкрылася ў Доме-музеі I з'езда РСДРП.

У экспазіцыю ўвайшлі прадметы са збораў Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі. Гэта асабістыя рэчы, фотаздымкі, дзённікі, узнагароды ўдзельнікаў драматычных падзей пачатку мінулага стагоддзя. У экспазіцыі таксама ёсць прыклады абмундзіравання германскіх і расійскіх войскаў тых часоў; перыядычныя выданні, што выходзілі ў Мінску 100 гадоў таму, а таксама лістоўкі, плакаты, грашовыя знакі.

А Нацыянальны мастацкі музей у сваю чаргу падрыхтаваў юбілейную выставу «Ленін’17». Паспейце тут наведаць вялікую экспазіцыю твораў двух выбітных нямецкіх мастакоў-экспрэсіяністаў ХХ стагоддзя - Эрнста Барлаха і Кетэ Кольвіц.

У выставу ўключаны больш за 200 твораў скульптуры і графікі (малюнкі і гравюры) з калекцыі Інстытута міжнародных адносін Штутгарта, музеяў Эрнста Барлаха, а таксама з прыватных калекцый Германіі. Экспанаты знаёмяць з асноўнымі этапамі творчага жыцця ў перыяд з 1890 па 1945 гады.

Суіснаванне жанру ценявога мастацтва і 3D-тэхналогій плюс аўтарская музыка. Тэатр TEULIS з Украіны прапануе прэм'ерны спектакль «Вечная гісторыя». Субота, канцэртная зала «Мінск».

У аснове сцэнарыя звычайная казка пра барацьбу рамантыкі і прагматызму, кахання і разліку, пачуцця і гармоніі. Словам, «Вечная гісторыя». Тэатр ценяў TEULIS даказвае, што ўсе фантазіі можна ўвасобіць у жыццё з дапамогай ценяў чалавечага цела. Валодаючы тэхнікай па-за межамі магчымага танцоўшчыкі ствараюць на сцэне лёгкі, іранічны стыль, які балансуе на мяжы танца і акрабатыкі. А дапоўняць усё відовішча яскравыя візуальныя эфекты.

Вялікі тэатр Беларусі дае ў суботу балет Чайкоўскага «Лебядзінае возера». Нясумных выхадных.