Мінскія музеі запрашаюць на новыя экспазіцыі. У Палацы мастацтваў дзве выставы: першая прысвечана вядомаму мастаку кіно і тэлебачання, графіку і жывапісцу Міхасю Карпуку, другая прапануе зусім "Іншую рэальнасць" мастака з Гродна. А ў мастацкай галерэі Libra - лідар сюррэалізму Рэнэ Магрыт упершыню ў Беларусі. Анлайн-трансляцыі спектакляў прапануе Вялікі тэатр Беларусі. Усе падрабязнасці ў Ларысы Гулякевіч, рубрыка “Праменад”.
Шэраг цікавых выстаў прапануюць гарадскія музеі. Сустрэцца з сюррэалістычным светам бельгійскага мастака Рэнэ Магрыта можна ў мастацкай галерэі Libra, што на плошчы Перамогі. Карціны-рэбусы, якія цікава разгадваць і сёння.
Трубка, якая такой не з'яўляецца, начная вуліца пад ясным дзённым небам і загадкавы мужчына ў капелюшы-кацялку. Гэтыя вобразы сталі знакавай з'явай у культуры XX стагоддзя. Рэнэ Магрыт нібы чараўнік адным рухам рукі мяняе сутнасць прадметаў, прымушае лятаць камяні, спыняе час. 50 каляровых літаграфій майстра дапаўняюць работы нашых суайчыннікаў, натхнёных вялікім Магрытам.
Палац мастацтваў запрашае адразу на дзве новыя выставы. Мастак кіно і тэлебачання, графік і жывапісец Міхась Карпук прызнаваўся: “У мастацтве я адналюб, пішу толькі непаўторныя пейзажы роднай Беларусі.” Сёлета Міхасю Карпуку споўнілася б 90 гадоў.
Шматгадовая праца на тэлебачанні і кінастудыі ўзбагаціла мастака назіраннямі і ўражаннямі, дапамагла яму развіць кампазіцыйнае майстэрства. У графіцы ён быў тонкім лірыкам і прыхільнікам выразнай дэталі. У экспазіцыі 60 твораў арыгінальнай графікі, жывапіcу і сцэнаграфіі з калекцыі сям’і.
“Іншая рэальнасць” вядомага гродзенскага жывапісца Сяргея Асапрылкі прадэманстравана ў суседняй зале Палаца мастацтваў.
Мастак з Гродна піша свае пейзажы нібы ў іншым вымярэнні. Уплятае простую гармонію ліній і каляровых плям у мінімалістычны жывапіс. Сяргей Асапрылка выкладае ў Гродзенскім каледжы мастацтваў. Рознакаляровасць і стрыманасць надае карцінам філасофскі змест.
Пакуль тэатры на канікулах, любімыя спектаклі можна паглядзець у іншых фарматах. Так, Вялікі тэатр Беларусі ў суботу дае балет "Ганна Карэніна" на "Беларусь 3", а ў нядзелю на YouTube-канале тэатра анлайн-трансляцыя оперы Джакама Пучыні "Тоска".
У суботу тэлеканал "Беларусь 3" пакажа спектакль Вялікага тэатра Беларусі "Ганна Карэніна". Балет па рамане Льва Талстога на музыку Пятра Чайкоўскага з'явіўся ў афішы тэатра паўгода таму ў лістападзе 2019. Спектакль паказала пастановачная група на чале з балетмайстрам Вольгай Косталь і дырыжорам Андрэем Галанавым. Сцэнографам выступіў Аляксандр Касцючэнка.
У гэтыя выхадныя наведайце Музей народнай архітэктуры і побыту. Там цікавая выстава "Куфры Беларусі". Прыемных і нясумных выхадных.
Рубрыка “Праменад”
26 июня 2020













