Рубрыка "Праменад"

23 ноября 2018
Нацыянальны мастацкі музей упершыню дэманструе выставу забытага мастака-падарожніка Аляксандра Штурмана, у галерэі Савіцкага - экспазіцыя работ беларускай мастацкай дынастыі Шапо, а сусветная оперная зорка Хасе Карэрас дасць адзіны канцэрт у Мінску. Падрабязнасці ў Ларысы Гулякевіч. Рубрыка "Праменад".

Нацыянальны мастацкі музей дэманструе выставу мастака-падарожніка Аляксандра Штурмана. Пейзажы Польшчы, Італіі, Літвы разам з нацюрмортамі і партрэтамі, напісаныя ў першай палове 20 стагоддзя, адлюстроўваюць розныя грані таленту мастака.

Рускі па паходжанні, адукацыю атрымаў у Расіі і Польшчы, доўгі час выкладаў і ў Расіі, і ў Літве, але на сённяшні час забыты ў гэтых краінах. Адной з вядучых тэм у творчасці Аляксандра Штурмана з'яўляецца еўрапейская архітэктура. Яго карціны – своеасаблівыя "паштоўкі з падарожжаў", напісаныя алеем на палатне. 

Аляксандр Штурман быў цудоўным каларыстам. Большая частка падарожжаў мастака-імпрэсіяніста прайшла па Літве, Польшчы, Італіі у 10-20-я гады мінулага стагоддзя. У экспазіцыі звыш сотні адрэстаўраваных работ Аляксандра Штурмана, якія прыбылі ў Мінск з Падляскага музея ў Беластоку.
Былі ў бацькі тры сыны. Беларуская дынастыя мастакоў Шапо дэманструе звыш 100 твораў у галерэі Савіцкага. Экспазіцыя прысвечана малой радзіме чатырох мастакоў – Браслаўшчыне.

Заснавальнік дынастыі Уладзімір Шапо ў серыі твораў "Мастакі. Прарокі" паказвае ўнутраны свет чалавека. Кожны з мастакоў-сыноў – творчыя асобы са сваім светапоглядам і індывідуальным стылем. Аляксандр Шапо – старэйшы з братоў - прадэманстраваў бронзавыя і драўляныя скульптуры разам з серыяй літаграфій. Малодшыя сыны Павел і Антон Шапо - жывапісныя работы. 

Калі Павел – мастак у шырокім сэнсе: дызайнер інтэр'ераў, сцэнарыст, аўтар апавяданняў, то малодшы Антон Шапо парушае класічныя каноны жывапісу, шукае нестандартныя вырашэнні. Выстава працягнецца да 16 студзеня. 
Сусветная оперная зорка Хасэ Карэрас дае адзіны канцэрт у Мінску. Нядзеля. Палац Рэспублікі. Хіты опернай класікі легендарнага тэнара прагучаць у суправаджэнні Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі. 

Рэпертуар Карэраса налічвае больш за 60 опер, сярод якіх "Багема", "Тоска", "Вертэр", "Дон Карлас", "Кармэн" і "Баль-маскарад". Музычная кар'ера Хасе Карэраса пачалася ў 1970-м, трыумфальныя выступленні адбыліся ў самых прэстыжных оперных тэатрах свету - такіх, як Ла Скала, Метраполітэн-опера, Венская дзяржаўная, Лонданская каралеўская і опера Сан-Францыска, а таксама выступленні у Зальцбургу, Эдынбургу і Вероне. Сярод шматлікіх узнагарод Карэраса – прэмія "Грэмі" за лепшае класічнае выкананне. Яго праект "Тры тэнары" з удзелам Пласіда Дамінга і Лучана Павароцці па праву лічыцца легендарным.

У суботу і нядзелю канцэрты 7-га міжнароднага фестывалю "Джаз ін Мінск" на сцэне Палаца прафсаюзаў. Прыемных і нясумных выхадных і да наступнай пятніцы.