Рубрыка "Праменад"

22 февраля 2019

Карціны майстроў з Жодзіна ў сталічнай галерэі "Універсітэт культуры". Сугучча паэзіі і класічнай музыкі ў Белдзяржфілармоніі. А гурт "Бумбокс" вяртаецца ў Мінск з канцэртам. Культурны праменад выхаднога дня ад Ларысы Гулякевіч.

"Арт-Жодзіна" - новая экспазіцыя адкрылася ў мастацкай галерэі "Універсітэт культуры". Амаль тры дзясяткі майстроў прывезлі свае работы на экспазіцыю ў розных жанрах: алей, акварэль, кераміка.

Асноўны лейтматыў выставы - любоў да роднага горада Жодзіна, краявіды малой радзімы. Прынята лічыць, што жодзінская мастацкая школа пачала зараджацца ў 70-х гадах мінулага стагоддзя. Шырокую палітру жодзінскіх пейзажаў паказалі як прафесійныя аўтары, так і пачаткоўцы-аматары.

Пастэрнак і Брамс, Ахматава і Шапэн, Бродскі і Шастаковіч... Сугучча паэзіі і музыкі прапануе піяністка Таццяна Старчанка ў суботнім літаратурна-паэтычным канцэрце.

Салістка Белдзяржфілармоніі ў праграме "Сугучча" выконвае дзве ролі - як піяністка і як дэкламатар вершаў. Кожны літаратурны твор, напрыклад, Ахматавай ці Пастэрнака адпавядае вядомым класічным творам Шапэна, Шастаковіча ці Брамса. Літаратурна-музычная імпрэза пройдзе ў суботу ў малой зале Белдзяржфілармоніі.

Гурт "Бумбокс" зноў выступіць у Мінску 24 лютага. У іх мільёны прыхільнікаў, песні раскладзены на цытаты. На гэты раз яны вернуцца не толькі каб праспяваць пра "белыя шпалеры і чорны посуд".

Першыя песні гурта "Бумбокс" пад кіраўніцтвам Андрэя Хлыўнюка планавалася запісаць пад акустычную гітару, аднак за некалькі дзён да запісу ўдзельнікі знайшлі трэкі іншага гурта ў аналагічным жанры. Каб не было паўтораў, "Бумбокс" вырашыў выступаць з дыджэем. Андрэй Хлыўнюк заўсёды чакае ад усіх выканаўцаў асабістых эмоцый, таму не любіць слухаць каверы на свае песні. У Мінску гурт "Бумбокс" выступіць 24 лютага.

У Мінскім дзяржаўным палацы дзяцей і моладзі гарадскі фестываль-конкурс "Я іграю джаз" пройдзе ў гэтыя выхадныя - 23 і 24 лютага.

Праект "Я іграю джаз" праходзіць 23-ці раз для маладых і таленавітых выканаўцаў-інструменталістаў. Сёлета іх каля двухсот. Фестываль ансамбляў і аркестраў аб'яднае калектывы, якія іграюць у жанры джазавай і эстраднай музыкі. А ў конкурсе спаборнічаць такія інструменты, як труба, трамбон, саксафон, гітара, бас-гітара, ударныя і фартепіяна.