Рубрыка "Праменад"

19 апреля 2019
"Баль-маскарад" Джузэпэ Вердзі ў нядзельнай афішы Вялікага тэатра Беларусі  і дзве розныя выставы ў галерэі  "Універсітэт культуры", што ў Палацы Рэспублікі. Падрабязнасці  - у рубрыцы "Праменад", на якую запрашае Ларыса Гулякевіч.

Толькі адгрымела прэм'ера ў нязвыклым для Вялікага тэатра жанры - аперэты Іагана Штрауса "Лятучая мыш". А ў нядзелю вас чакае опера Вердзі "Баль-маскарад".

Вернасць і здрада, сяброўства і каханне, і абавязкова інтрыгі - неад’емныя тэмы добрага сюжэта. Адзіны спектакль у пастаноўцы Сямёна Штэйна, які застаўся ў рэпертуары Вялікага тэатра і збірае вялікую колькасць прыхільнікаў з 1989 года. У спектаклі задзейнічана вялікая колькасць артыстаў, балета і хору. Сярод салістаў - украінскі тэнар Міхаіл Малафій, а таксама беларускія оперныя зоркі Уладзімір Громаў і Таццяна Траццяк.

Нагадваем, што спектаклі ў Вялікім тэатры пачынаюцца а 18-й гадзіне, а да пачатку можна наведаць мастацкую выставу, прысвечаную 100-годдзю з дня нараджэння опернага рэжысёра Дзмітрыя Смоліча. Афішы і фота спектакляў "Атэла", "Кармэн", "Травіята", "Князь Ігар", "Севільскі цырульнік".  Дзмітрый Смоліч узначальваў творчую дзейнасць Вялікага тэатра БССР з 1962 года. Мастацкі кіраўнік і галоўны рэжысёр. За сем гадоў ён паставіў мноства спектакляў. Сын знакамітага Мікалая Смоліча - першага пастаноўшчыка опер Шастаковіча - ён атрымаў у спадчыну ад бацькі творчы талент эксперыментавання. 

Мастацкая галерэя “Універсітэт культуры” запрашае наведаць у выхадныя адразу дзве новыя выставы. Адна - беларуская пад назвай "Другія берагі". Яна аб'яднала мастакоў - рамантыкаў у жанры пейзаж-фантазія. Удзельнікі праекта развіваюць напрамак фантастычнага мастацтва, яскравымі прадстаўнікамі якога з'яўляліся Язэп Драздовіч і Мікалоюс Чурлёніс. Акрамя жывапісных работ, у экспазіцыі - арт-аб'екты са шкла, што сімвалізуюць празрыстую мяжу рэальнага і нерэальнага. Экспазіцыя, якая аб'яднала амаль 20 беларускіх вядомых мастакоў, дае магчымасць зазірнуць у Залюстроўе і казачныя гарады са сноў і дзіцячых кніг.

Пазнаёміцца з культурай Палесціны прапануе другая экспазіцыя галерэі. Фота, кераміка і нацыянальныя касцюмы і аксесуары расказваюць пра жыццё розных рэгіёнаў краіны. 

Непаўторны нацыянальны каларыт, традыцыі і святы дэманструюць знакамітыя фатографы з Палесціны і Літвы. Уручную вышытыя сукенкі, якія насілі маладыя дзяўчаты амаль сто гадоў таму, зноў у модзе. Выставачны міжнародны праект, які ўяўляе сабой сімбіёз старажытных традыцый і сучаснай культуры, працягнецца да канца красавіка.

Музей Янкі Купалы запрашае на выставу, прысвечаную дню нараджэння народнага мастака Барыса Аракчэева, а ў сучасным мастацкім тэатры - прэв'ю-паказ спектакля "Чайка. Чытка". Прыемных і нясумных выхадных і да наступнай пятніцы.