Рубрыка "Праменад"

17 мая 2019
Міжнародная акцыя «Ноч музеяў» стартуе ў Мінску ў гэту суботу. Нацыянальны мастацкі падрыхтаваў праграму «Шостае пачуццё», а гістарычны, акрамя новых экспазіцый, запрашае на начны паказ мод. На пятнічны «Праменад» запрашае Ларыса Гулякевіч.

"Ноч музеяў", якую мы чакаем цэлы год, стартуе ў гэтыя выхадныя. Кожны музей Мінска рыхтуе свае інтэрактыўныя праграмы, выставы - як у фармаце віртуальнай рэальнасці, так і класічныя экспазіцыі з канцэртным напаўненнем. Чым збіраецца здзівіць Нацыянальны мастацкі?

Праграма пад назвай «Шостае пачуццё» настроіць не толькі на паглыбленне ў шырокі спектр сваіх эмоцый і настрою, але і ў кантэкст асаблівай музейнай прасторы. Праграма разлічана да апоўначы.

Што такое «Мод найт», і якую культурную праграму падрыхтаваў Нацыянальны гістарычны на «Ноч музеяў». Рубрыка «Праменад» вырашыла даведацца загадзя.

Асноўная тэма музейнай ночы – мода, а таксама выступленне замежных і айчынных музычных і тэатральных груп, да таго ж, бясплатныя стрыжкі, прычоскі, тату, кірмаш з беларускімі сувенірамі і шмат смачных сюрпрызаў.

Свой спосаб шчаслівага жыцця дэманструе на новай выставе знаёмы беларусам фотамастак Алік Замосцін. Яго экспазіцыя так і называецца «Асалода жыцця». Гэта экспазіцыя ў гістарычным музеі ўнесена ў афіцыйны каляндар падзей II Еўрапейскіх гульняў. Аўтар паказвае 35 мастацкіх фотаработ, сярод якіх як новыя, так і фотакарціны, якія ўжо паспелі ўбачыць розныя краіны ў выставачных праектах Замосціна. Мастак з інжынернай адукацыяй заўсёды цікавіўся фотакультурай і яе тонкасцямі. Зараз жа праз аб'ектыў Алік Замосцін атрымлівае асалоду ад дробязяў жыцця ў Нью-Ёрку, Ізраілі і Беларусі.

Пакуль цвіце бэз, паспейце наведаць батанічны сад. Заўтра там свята музыкі і вогненная феерыя на вадзе. Прыемных і нясумных вясенніх выхадных, і да наступнай пятніцы.