Рубрыка "Праменад"

15 июня 2018

У выхадныя Мінск прапануе насычаную культурную праграму. Заўтра ў Верхнім горадзе вялікі брытанскі фестываль. Мастацтвам жывапісу заклікае натхніцца Нацыянальны мастацкі. А гістарычны музей знаёміць з в'етнамскім нацыянальным касцюмам. Больш падрабязна Ларыса Гулякевіч у рубрыцы "Праменад".

Трапіць у дзелавы раён Лондан-сіці ці багемны Соха і пазнаёміцца з кухняй, адукацыяй, бізнесам, культурай, дызайнам і спортам можна на брытанскім свяце ў Верхнім горадзе ў суботу, 16 чэрвеня.

Упершыню Вялікабрытанія праводзіць вялікі фестываль культуры і бізнесу ў межах гарадскога свята каля ратушы. Уваход вольны, а напярэдадні фестывалю, які пачынаецца а 13 гадзіне, шэсце валыншчыкаў.

Фіёна Гіб, Надзвычайны і Паўнамоцны пасол Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі ў Беларусі:

«Брытанскі фестываль будзе праходзіць упершыню. Гэта будзе вельмі насычаны дзень, які пачынаецца з гадзіны дня да 11 вечара. Гэта і шатландскія танцы, і валынка, выступленне кавер-гуртоў і камернага хору. Таксама тэатральныя спектаклі на арт-тэрасе, безумоўна, шэкспіраўскія. Спартыўная пляцоўка «Кубак Уімблдона» з гольфам і тэнісам для дзяцей, а ў бізнес-зоне нават прэзентацыя рухавікоў «Перкінс». І, безумоўна, на працягу ўсяго дня можна падсілкавацца».

Нацыянальны касцюм і народныя промыслы В’етнама ў старажытных традыцыях прадэманстраваны ў гістарычным музеі. Экспазіцыя праходзіць у рамках Дзён культуры В’етнама ў Беларусі.

Каля 20 касцюмаў этнічных груп В'етнама, сярод якіх традыцыйная сукенка аазай. Розныя рэгіёны краіны прадстаўлены калекцыяй лялек у этнічных касцюмах, а таксама вырабамі з шоўку і парчы. У экспазіцыі таксама калекцыя керамікі 15 стагоддзя, а таксама лакафарбавыя вырабы, і адзін з самых старажытных промыслаў краіны - бамбукавыя і ратангавыя вырабы.

Тэма каня ў выяўленчым мастацтве! Ад батальных сцэн да пейзажу, што складаюцца ў адзіны эпічны жанр. Больш за 200 твораў еўрапейскіх, беларускіх, рускіх мастакоў, пачынаючы з 17-га стагоддзя, якія інтэрпрэтавалі вобраз каня ў адзіны эпічны жанр.

Новая экспазіцыя выставы не толькі знаёміць з багатым выяўленчым матэрыялам – творамі мастакоў, аб’яднаных цікавасцю і любоўю да высакародных жывёлін, шматвяковага спадарожніка і памочніка чалавека – каня, але і стане прэзентацыяй музея Паўднёвага Падляшша ў Бяла-Падлясцы.

У іншай зале мастацкага музея выстава «Сусвет Язэпа Драздовіча», якая складаецца з калекцый шасці беларускіх музеяў і прысвечана 130-годдзю з дня нараджэння мастака. Язэп Драздовіч пакінуў і багатую спадчыну графікі, жывапісу і драўлянай скульптуры, маляванак.

Натхнёныя творчасцю Язэпа Драздовіча маладыя беларускія дызайнеры дэманструюць калекцыі адзення ЯDRO. Нясумных выхадных!