Рубрыка "Праменад"

15 февраля 2019

Вялікі тэатр Беларусі на гэтых выхадных прапаноўвае насычаную балетна-оперную праграму. А танцавальныя спектаклі можна паглядзець у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў. Гістарычны музей падрыхтаваў экспазіцыю “Сакральная культура касцёла Беларусі”. Куды лепш адправіцца на праменад у гэтыя выхадныя, раскажа Ларыса Гулякевіч.

Эксперыменты пластычных тэатраў на пляцоўцы Цэнтра сучасных мастацтваў у гэтыя выхадныя. “Пластформа-2019” прапаноўвае сучасную панараму міжнароднай харэаграфіі.

У рамках VII Адкрытага форуму эксперыментальных пластычных тэатраў Беларусі 16 лютага ў 17 гадзін адбудзецца вечар Люблінскага тэатра танца, а 17 лютага, у нядзелю, пакажуць спектакль «Феміна» польскага рэжысёра Юзефа Маркоцкага з Вроцлава. Гэтая пастаноўка ў сюрэалістычнай манеры даследуе вобраз жанчыны. Форум лічыцца адной з самых незвычайных культурных з'яў краіны. У праграме «Пластформы» - фізічны тэатр, харэаграфічныя і пластычныя спектаклі, а візітоўка форуму – японскі танец буто.

“Сакральная культура касцёла Беларусі” - у Нацыянальным гістарычным музеі. Слуцкія паясы, іконы, ўзоры беларускага драўлянага дойлідства і дакументальныя рарытэты.

Экспазіцыя знаёміць з духоўнымі традыцыямі і сакральнай спадчынай, якая захоўваецца ў беларускіх касцёлах і мала вядома шырокай публіцы. Тут можна пазнаёміцца са значнымі святамі літургічнага гадавога цыклу і своеасаблівымі культурнымі звычаямі, а таксама артэфактамі, што перанесеныя з сакральнай прасторы касцёлаў у прастору свецкую.

Вялікі тэатр Беларусі падрыхтаваў цікавую оперна-балетную праграму на гэты ўікенд. Вялікая і малая залы, дзённыя і вячэрнія спектаклі.
Оперу «Царская нявеста» Рымскага-Корсакава ў суботу дае беларускі Вялікі. Пастаноўка Міхаіла Панджавідзэ. У нядзелю раніцай - балет Ігара Стравінскага «Жар-птушка» з цыклу «Рускія сезоны», а да вячэрняга спектакля дадаецца балетны спектакль «Шахеразада».

Таксама ў нядзелю ў малой зале імя Александроўскай - «Жамчужыны рускай класікі». У праграме: сцэны, арыі, дуэты, рамансы рускіх кампазітараў.

У суботу ў канцэртнай зале “Верхні горад” - "Чароўная класіка". Нясумных і прыемных выхадных, і да наступнай пятніцы.