Рубрыка "Праменад"

13 Верасня 2019
Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі  адкрывае новы сезон прэм'ерай адноўленага спектакля "Князь Ігар". Адразу на 8-мі сталічных пляцоўках праходзіць міжнародны фестываль "Месяц фота", і майстар-класы з народнымі інструментамі да Дня горада. Падрабязнасці ў Ларысы Гулякевіч - рубрыка "Праменад".

Вялікі тэатр Беларусі пачынае новы 87-ы сезон. У нядзелю -  прэм'ера - вяртанне "Князя Ігара" ў новай рэжысёрскай версіі. Да партытуры Барадзіна Вялікі звяртаецца  шосты раз. У гэтай версіі спектакля да знакамітых Палавецкіх танцаў далучыцца не толькі балет, але і салісты оперы разам з хорам.

Безумоўна, "Князь Ігар" - опера-легенда, аднак у новай інтэрпрытацыі выкарыстоўваюцца сучасныя тэхналогіі. Актыўна задзейнічаны відэа-арт. 26 змен карцін і 7 ключавых сцэн. Змяняюцца нават поры года.

Самая масавая карціна "Князя Ігара" - Палавецкія танцы. У гэтай сцэне адначасова ўдзельнічаюць 140 чалавек. 15-хвілінны эпізод, які ілюструе краіны Усходу, настолькі папулярны, што спаўняецца на розных сцэнах свету як самастойны нумар. У вобраз князя ўжываюцца адразу тры барытоны Вялікага беларускага. Чый голас пачуем падчас сусветнай прэм'еры,  даведаемся  15 верасня.

Чарнобыльская тэма вачыма нямецкага мастака Германа Буса. Свой праект "Палеская элегія. Страчаная зямля" аўтар прадставіў у Цэнтры сучасных мастацтваў. Выстава прысвечана  чарнобыльскай  трагедыі. У 2015 годзе мастак упершыню наведаў месцы  адчужэння  ў Беларусі. І гэта было падарожжа ў іншую рэальнасць. Свае работы Герман Бус прысвяціў не столькі пустынным краявідам - страчанай  зямлі, колькі  тэме вясны,  калі прырода пачынае новае жыццё. Асноўныя тэмы творчасці нямецкага мастака Германа Буса звычайна звязаны з морам і раўнінамі. 

У Мінску стартаваў "Месяц фота". Два дзясяткі выстаў з 10 краін свету на 8 сталічных пляцоўках. Нацыянальны гістарычны ў рамках Міжнароднага фестывалю прадстаўляе праект, прысвечаны 150-годдзю заснавальніка жанру фотапартрэта Майсея Наппельбаўма, а гэта яго асабістая фотакамера. 

Менавіта на гэтую камеру легендарны фатограф зрабіў знакаміты  здымак  Леніна ў 1918 годзе. Праз свой аб'ектыў Наппельбаўм увекавечыў  гісторыю Савецкага Саюза. Яго героі не толькі буйныя палітычныя дзеячы і рэвалюцыянеры тых часоў, але навуковая і культурная эліта мінулага стагоддзя: Пастэрнак, Горкі, Ясенін і Дункан. Увогуле больш за 70 арыгінальных здымкаў прыехалі з Маскоўскага інстытута фатаграфіі.

У экспазіцыі прадстаўлены здымкі і з фондаў музея Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі. На Дзень горада тут,  у дворыку гістарычнага, у  суботу – музычны фестываль, а ў нядзелю - майстар-класы з народнымі інструментамі. Паспейце наведаць і іншыя пляцоўкі горада. Святочных выхадных і да наступнай пятніцы.