Рубрыка "Праменад"

12 октября 2018

Музей у Раўбічах адкрывае выставу “Народны строй - жывая традыцыя”. Работы сучасных армянскіх майстроў у Нацыянальным мастацкім музеі, і з суботы на нядзелю - начны канцэрт на платформе метро. Падрабязнасці ў Ларысы Гулякевіч. Рубрыка “Праменад”.

«Ноч у метро на станцыі “Пятроўшчына» - такое незвычайнае месца для канцэрта выбралі арганізатары ХІІІ Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета. Пачатак а другой гадзіне ночы з 13 на 14 кастрычніка.

Такога яшчэ не было! На пероне метро размесціцца партэр, чакаецца лазернае і лайт-шоу. На імправізаванай сцэнічнай пляцоўцы выступіць East-West Chamber Orchestra пад кіраўніцтвам Расціслава Крымера. Разам з музыкантамі краін Усходняй і Заходняй Еўропы выступяць оперная дзіва Аксана Волкава з хорам, а таксама рок- і поп-группы.

Самы час у залатую восень прадэманстраваць моднае адзенне. Тым больш, калі фасоны створаны згодна з народнымі традыцыямі. Музей беларускага народнага мастацтва ў Раўбічах адкрывае новую выставу рэканструкцыі народнага строю.

Зазірнуць “за кулісы” стварэння сапраўдных народных шэдэўраў прапануюць два майстры - прадстаўніцы розных пакаленняў.

Для Ларысы Мятлеўскай рэканструкцыя народнага строю - не проста хобі. У аснове яе работ - этнаграфічныя даследаванні і спроба дакрануцца да даўніны, адчуць сувязь пакаленняў.

Аляксандра Духноўская - прадстаўнік новага пакалення, працуе з дакументамі ў Нацыянальнай акадэміі навук, але самастойна займаецца рэканструкцыяй народнага адзення скрупулезна і з запалам.

Аўтарскія адноўленыя калекцыі паказваюць, што ў беларускім строі ёсць усё: гарманічнасць, прыгажосць і, галоўнае - сучаснасць.

Сярод новых выстаў у Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі - экспазіцыя сучаснага армянскага мастацтва - «Армянская палітра».

Каля 60 жывапісных і графічных работ сучасных мастакоў прадстаўлена на экспазіцыі «Армянская палітра». Майстры розных стылістычна-жанравых напрамкаў прадстаўляюць палітру армянскага выяўленчага мастацтва апошніх гадоў. Работы чатырох вядомых мастакоў Арменіі можна наведаць у нацыянальным мастацкім да 6 лістапада.

Да Дня маці ансамбль народнай музыкі «Бяседа» падрыхтаваў святочны канцэрт, ён пройдзе ў нядзелю ў Палацы Рэспублікі, а гістарычны музей у гэтыя выхадныя праводзіць акцыю «Музей у падарунак матулі». Усім, хто прыйдзе з дзецьмі на экспазіцыю, - уваход бясплатны. Прыемных і нясумных выхадных і да наступнай пятніцы.