Рубрыка "Праменад"

6 сентября 2019
Што ідзе ў сотым тэатральным сезоне Купалаўскага тэатра? З чым звязаны эксперыменты на мастацкай выставе "19+" і 67 кілаграмаў імператарскага серабра з Масквы. Ларыса Гулякевіч запрашае на культурны "Праменад" на гэтыя выхадныя.

У Купалаўскім пачаўся соты, юбілейны сезон. Афішу тэатра папоўняць новыя пастаноўкі, але і старыя абновяцца. Вернецца ў рэпертуар "Ідылія" і "Тутэйшыя" ў новым выглядзе. А ў выхадныя інсцэніроўка паводле легендарнага Яна Баршчэўскага. "Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях".

 Містыка і фальклор, гісторыя і сучаснасць, цуды і страхі - усё адбываецца вакол магічнага возера Нешчарда, куды вяртаецца з паўночнай сталіцы Расійскай імперыі пляменнік шляхціца Завальні Ян. Былы вучань Полацкага калегіума акажацца ў гушчы нечаканых падзей. На Купалаўскай сцэне разгортваецца сюжэт паводле твора легендарнага пісьменніка-рамантыка Яна Баршчэўскага.

"19+" - абмежаванні па ўзросце ці творчы вынік. Колер і эмоцыі, энергія і глыбокі сэнс  выставы Васіля Касцючэнкі. Мастацкая галерэя "Універсітэт культуры" запрашае. Работы Васіля Касцючэнкі выкананы ў чырвона-зялёных, бела-сініх і чорна-залатых фарбах. Значная частка аб'яднана серыяй "Спякота". Глабальныя катастрофы, змена клімату, а разам з імі перамены прыроды і чалавека. Усе гэтыя падзеі не для дзіцячага разумення, аднак назва "19+" мае зусім іншае значэнне. Выстава дэманструецца да 16 верасня.

У суседняй зале неверагодныя магчымасці самай капрызнай фарбы – акварэлі. У праекце "Акварэльны фестываль" прынялі ўдзел 13 беларускіх мастакоў, якія неаднаразова прадстаўлялі нашу краіну на міжнародных выставах. Аднак экспазіцыя знаёміць не толькі з рознымі складанымі прыёмамі акварэльнай тэхнікі, але прапануе сустрэчу з аўтарамі і майстар-класы для  мастакоў-пачаткоўцаў.

Рускае ювелірнае мастацтва XVIII стагоддзя прыехала да нас у госці з фондаў маскоўскага Дзяржаўнага гістарычнага музея. Дакрануцца да рарытэтаў запрашае беларускі Гістарычны. 67 кілаграмаў імператарскага серабра. Расійскія спецыялісты выбралі работы лепшых ювелірных майстроў Масквы, Вялікага Усцюга, Табольска і Калугі. Сярэбраны посуд, інтэр'ерныя дэталі з пазалотай, дарожныя прадметы і ўпрыгажэнні - усяго 161 рарытэт. Кожны належыць канкрэтнаму дваранскаму саслоўю. Убачыць вырабы можна да 3 лістапада.

Верхні горад запрашае на нацыянальныя культурныя святы. У суботу дзень Азербайджана, а ў нядзелю  дзень культуры Малдовы. Прыемных і нясумных выхадных і да наступнай пятніцы.