У такое надвор'е - уся справа ў капелюшы! Без якога нельга выйсці на вуліцу, каб не захварэць. А выбраць мадэль сабе па гусце прапануе капялюшны вернісаж. Культурна натхніцца запрашае і галерэя Савіцкага на выставе латвійскага жывапісу. А ў Белдзяржфілармоніі можна паслухаць рамансы Свірыдава. Палітра самых цікавых культурных падзей - у Ларысы Гулякевіч.
Філасофская выстава жывапісу латвійскай мастачкі Сілвы Лінартэ пад назвай «Адлюстраванне» напоўнена радасцю і гармоніяй, чаго так не хапае ў восеньскія дні і вечары. Экспазіцыя адкрылася ў мастацкай галерэі Савіцкага.
У Мінск прыехалі 25 работ Сілвы Лінартэ, якая прадстаўляе латвійскую школу жывапісу і выкладала ў Латвійскай дзяржаўнай мастацкай акадэміі. Гармонія, радасць і аскетызм характэрныя для мастацтва Сілвы. Выстава прадстаўлена арт-цэнтрам імя Марка Ротка ў Даўгаўпілсе. І прымеркавана да 25-годдзя дыпламатычных адносін паміж нашымі краінамі.
Рамансы і песні Георгія Свірыдава ў выкананні чатырох салістаў Вялікага тэатра на сцэне Белдзяржфілармоніі ў гэтую суботу.
Рубрыка «Праменад» трапіла на рэпетыцыю канцэрта. Удзельнікі музычнай гасцёўні - чатыры мужчынскія галасы: народны артыст Беларусі Уладзімір Пятроў, тэнар Аляксандр Міхнюк , малады бас Дзмітрый Капілаў і барытон, вядомы па праекце «Вялікая опера», Ілья Сільчукоў. У канцэрце з двух аддзяленняў прагучаць песні і рамансы Георгія Свірыдава на вершы Пушкіна, Маякоўскага, Бёрнса.
Вось і дачакаліся! Капялюшны вернісаж штогод праходзіць напярэдадні зімы. Дамскія аксесуары і капялюшыкі самых розных фасонаў і модных напрамкаў ад дызайнераў беларускіх і замежных.
Пяць гадоў запар у Мінску збіраюцца майстры галаўных убораў на «Капялюшны вернісаж». Сёлета іх 30 з Беларусі і розных гарадоў Расіі. Галаўны убор – гэта прыгожы і функцыянальны аксесуар, які надае шарм жанчыне і падкрэслівае яе асабістасць і стыль. Для адных гэта падарожжа ў гісторыю, для іншых - модная дэталь гардэробу. Экспазіцыю таксама ўпрыгожваюць карціны і лялькі. Змяніць свой вобраз з дапамогай элегантнага галаўнога ўбора можна будзе на «Капялюшным вернісажы» да 3 снежня на Свярдлова, 4.













