Рубрыка "Праменад"

15 декабря 2017

Вялікая падзея для культурнага жыцця сталіцы. Сёння ў Мінску пачаўся VІІІ Мінскі міжнародны Калядны оперны форум. У Вялікім тэатры «Чароўная флейта» Моцарта - дэбютная пастаноўка з элементамі фэнтэзі. Чакаецца яшчэ шмат навінак. Фестываль працягнецца да 22 снежня. Дарэчы, гэтыя выхадныя ўвогуле багатыя на цікавыя падзеі. Экспазіцыю "Кракаўская батлейка" можна ўбачыць у Гістарычным музеі. А ў галерэі "Высокае месца" адкрылася новая фотавыстава. Падрабязней - Ларыса Гулякевіч з рубрыкай "Праменад".

Напярэдадні зімовых свят Нацыянальны гістарычны музей запрашае здзейсніць падарожжа ў дзівосны свет «Кракаўскіх калядных батлеек».

Тут адкрылася ўнікальная святочная выстава твораў з фондаў Кракаўскага гістарычнага музея, якія атрымлівалі найвышэйшыя адзнакі і ўзнагароды. Каля 80 гадоў арганізоўваюцца штогод конкурсы і выставы батлеек. Кракаўскія батлейкі – гэта яскравыя сцэны Божага Нараджэння з архітэктурнай спасылкай на адметнасці горада. Стылёвая разнастайнасць яго касцёлаў стала для стваральнікаў крыніцай натхнення.

Такая форма батлейкі сфарміравалася ў XIX ст., распаўсюдзілася ў XX-м, развіваецца і сёння. Адметнасцю кракаўскіх батлеек з’яўляюцца сцэны з персанажамі гістарычнымі, нацыянальнымі і легендарнымі. Некаторыя маюць сучасныя і складаныя механізмы, сярод іх - музычныя, з якіх гучаць кракаўскія мелодыі або найбольш папулярныя калядкі.

«Справаздача пад Новы год» - гэта міжнародная выстава, якая прэзентуе больш за 100 работ беларускіх і замежных фотамастакоў у арт-гасцёўні «Высокае месца».

Фатаграфія даўно стала сур'ёзным відам мастацтва. Зафіксаваць прыгожы пейзаж ці партрэт на фотакамеру – недастаткова. Выстава дазваляе ўбачыць своеасаблівую падборку адразу 26-ці фотаграфічных праектаў аўтарскіх і калектыўных, якія праходзілі тут за 2017 год. Розныя напрамкі, жанры, тэхнікі, эксперыменты і тэндэнцыі развіцця, што існуюць у сучасным свеце фотамастацтва. У работах і шматграннасць творчых поглядаў. Выстава адкрываецца заўтра і працягнецца да 14 студзеня.

На тыдні ў Вялікім тэатры Беларусі праходзяць адразу дзве міжнародныя падзеі. VІІІ Мінскі міжнародны Калядны оперны форум і конкурс вакалістаў, куды можна трапіць у гэтыя выхадныя.

111 удзельнікаў з 16 краін – менавіта столькі маладых вакалістаў прыехалі ў Мінск для ўдзелу ў Калядным оперным конкурсе, які праходзіць у Вялікім тэатры Беларусі чацвёрты раз. Сёлета сярод удзельнікаў - сапрана, меца-сапрана, тэнары, барытоны і басы. Маладых вакалістаў чакае 3 туры. Пераможцы і лаўрэаты стануць вядомы 20 снежня. Трыумфатараў можна пачуць 22 снежня на Гала-канцэрце зорак сусветнай оперы.

У суботу ў музеі-майстэрні Азгура скульптар Яўген Колчаў праводзіць для ўсіх майстар-класы па лепцы з гліны. Нясумных выхадных і да наступнай пятніцы.