Рубрыка "Пасланне 2019. Кантэкст"

26 мая 2019

У другой частцы праграмы пагаворым пра II Еўрапейскія гульні. Для ўдзельнікаў і арганізатараў з гэтага тыдня ўжо адкрыўся бязвіз. Спрошчаны рэжым з 10 чэрвеня ўвядуць і для балельшчыкаў. Прычым гэтыя правілы будуць дзейнічаць ва ўсіх пунктах пропуску на мяжы, а не толькі ў Нацыянальным аэрапорце. 

На гэтым фоне ажывіліся турыстычныя кампаніі. Бо Беларусь - гэта не толькі Гульні. Мы - краіна для шматлікіх яшчэ экзатычная, здольная здзівіць і зрабіць падарожжа незабыўным. Так, мора ў нас няма, але вось мора ўражанняў гіды абяцаюць. Якім чынам будуць пашырацца гарызонты беларускай гасціннасці? Прама зараз у нашай рубрыцы "Пасланне 2019. Кантэкст". 

Склалася меркаванне, што аб турыстычным патэнцыяле Беларусі за межамі нашай краіны ведаюць нешматлікія. Ды што тут хітраваць, не аб усіх мясцовых славутасцях у курсе і самі беларусы. А калі і ведаюць, то не часта да іх даязджаюць. 

Хоць карціна апошніх некалькіх гадоў больш аптымістычная: Беларусь жадаюць адкрываць для сябе і замежнікі, і свае. І ўсё часцей наша краіна трапляе ў топ дзяржаў, найболей прывабных для турыстаў. 

Скажам, летась Брэсцкую вобласць наведалі каля 20 тысяч гасцей з 55 краін. А гэта, паміж іншым, прыбытак рэгіёна ў $1 млн. За ўвесь 2018-ы Гродзеншчына прыняла звыш 92 тысяч замежнікаў. Усё гэта вынікі дзеяння іх мясцовага бязвіза - ён стаў дадатковым інструментам развіцця турызму ў рэгіёнах. 

Праграмы ў турыстаў вельмі падобныя. Узначальваюць рэйтынг Мірскі і Нясвіжскі замкі, Брэсцкая крэпасць, Браслаўскія азёры і Белавежская пушча. Але ў Беларусі яшчэ дзясяткі месцаў, якія таксама цікава наведаць. Трэба і іх рабіць больш прывабнымі ў вачах турыстаў. На гэта звярнуў увагу Прэзідэнт, выступаючы з Пасланнем да народа і Нацыянальнага сходу. Важная ўмова - аднаўленне мясцовых славутасцяў. 

Вось, скажам, палацавы комплекс у Ружанах - адзін з унікальных куткоў Беларусі. Яшчэ 100 гадоў таму на месцы замка былі адны толькі руіны, сёння цішыню правінцыйнага пасёлка тут час ад часу парушаюць турысты. Цікавасць да гэтага месца стала значна вышэйшай. 

Беларусь славіцца замкамі і палацамі знакамітых дынастый Еўропы, пышнымі храмамі самых розных канфесій і дзіўна маляўнічай прыродай. Зрэшты, аб гэтым у дэталях - у сюжэце Алены Борматавай (відэа). 

Што ж, гарызонты нашай гасціннасці будуць пашырацца і далей. Так, у прапрацоўцы дакумент, які аб'яднае 2 зоны бязвізавага турызму Брэсцкай і Гродзенскай абласцей. Плюс актыўна прапаноўваюць тэрмін бязвіза там падоўжыць да месяца. Як гэта ўжо зрабілі для тых, хто падарожнічае праз Нацыянальны аэрапорт Мінск. Дарэчы, у 2018-м па спрошчаных правілах праз паветраную гавань нашу краіну наведалі больш як 212 тысяч замежнікаў. "Беларусь - адкрытая для турыстаў" - адзін з ключавых пасылаў Паслання-2019. І мы аб гэтым распавялі, нічога не вырваўшы з кантэксту.