Народжаным у Беларусі прысвячаецца

30 августа 2013

Нацыянальны мастацкі музей Беларусі да 90-годдзя прэзідэнта Ізраіля Шымона Перэса і 100-годдзя сёмага прэм'ер-міністра гэтай краіны Менахема Бегіна адкрывае выставу Родам з мястэчка. Афіцыйнае адкрыццё экспазіцыі запланавана на сёння. Алена Борматава - аб таямніцах і рассакрэчаных фактах маляўнічых палотнаў.



Паўсотні твораў - вынік шматгадовай навуковай працы. Супрацоўнікі Нацыянальнага мастацкага музея ў цеснай сувязі з калегамі іншых музеяў, архіваў, асобнымі даследчыкамі па крупінках збіралі інфармацыю пра імёны, чые работы захоўваюцца ў фондах. Калекцыя мастакоў з невялікіх яўрэйскіх мястэчак Беларусі даволі багатая. Многія аўтары прадстаўлены адной-дзвюма працамі, некаторыя - сотнямі палотнаў.


Выстава з выявамі невялікіх беларускіх мястэчак - першая за ўсю амаль 75-гадовую гісторыю музея. Унікальнасць экспазіцыі не толькі ў тым, што творы ўпершыню пакінулі запаснікі і дэманструюцца наведвальнікам. Выключнасць у саміх аўтарах. Сёння на слыху хіба толькі Юдэль Пэн - настаўнік сусветна вядомага Шагала, ды Янкель Кругер, які меў сваю жывапісную школу ў Мінску, сярод вучняў якой - Хаім Суцін, Заір Азгур і Іван Ахрэмчык.


Да сённяшняга дня невядомым застаецца жыццё і творчасць Дашкевіча. Адзіная карціна, якая захоўваецца ў фондах Нацыянальнага мастацкага, трапіла ад маскоўскага калекцыянера. Выстаўляецца ўпершыню.


Цішыня Меера Сляпяна - выпускніка Пецярбургскай акадэміі мастацтваў, вучня Фердынанда Рушчыца. На карціне - радзіма Шымона Перэса - вёска Вішнева Валожынскага раёна. Выстава аб'яднала векавую гісторыю беларускага жывапісу. Тут працы і 19-га, і 20-га стагоддзяў.


Вольга Архіпава, загадчыца аддзела Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі: У іудаізме адлюстраванне чалавека лічылася грахом. Там у асноўным выкарыстоўваўся арнамент і нейкія сімвалічныя карцінкі. Але ў гэтым выпадку мастакі, якія прайшлі рэалістычную школу, валодалі гэтым майстэрствам і займаліся мастацтвам у прафесійным ключы.



Доўгі час невядомымі заставаліся людзі на партрэтах мастака Крупені - імя, якое сёння ведаюць хіба толькі навукоўцы. Дзякуючы даваенным інвентарным кнігам Нацыянальнага гістарычнага музея - там працы захоўваліся да Вялікай Айчыннай вайны - удалося атрыбутаваць палотны. На іх жыхары Мінска - Ілья Поляк і яго жонка. Многія творы на экспазіцыю даставілі прама з рэстаўрацыйнай майстэрні. А некаторыя яшчэ ў працэсе рэстаўрацыі. Аднаўленне жывапісу спынілі спецыяльна для выставы.