Роўна суткі застаюцца да фіналу дзіцячага Еўрабачання ў Кіеве

29 ноября 2013

Гэтымі хвілінамі ў палацы Украіна праходзіць другая генеральная рэпетыцыя шоу. На ёй прафесійнае журы ўжо выставіць свае адзнакі, якія складуць 50% ад канчатковага выніку. Астатняя палова балаў залежыць ад галасавання гледачоў. Якія шанцы Беларусі заняць высокае месца? Даведаемся ў нашага карэспандэнта ў Кіеве Якава Буты.


Паводле ацэнак журналістаў, узровень выканаўцаў дзіцячага Еўрабачання гэтага года - адзін з наймацнейшых за ўсю 11-гадовую гісторыю конкурсу. Праект становіцца больш цінэйджарскім, чым дзіцячым. Беларусь - яркі прыклад гэтай тэндэнцыі. Паводле слоў журналістаў, Ілья Волкаў можа паўтарыць поспех мінчаніна Аляксея Жыгалковіча, які перамог у 2007-м.


Віктар Кавальчук, заснавальнік інтэрнэт-партала, прысвечанага дзіцячаму конкурсу Еўрабачанне: Беларусь вельмі ўпэўнена глядзіцца, мае выдатны вакал і харэаграфію. Я вельмі рады, што яе спрасцілі ў параўнанні з нацыянальным адборам. Зараз Ілья не затыхаецца і выдатна выконвае ўсю песню. Пра яго вакальныя і танцавальныя дадзеныя гаварыць не даводзіцца - ён цудоўна робіць і адно, і другое.


За званне лепшага юнага выканаўца Еўропы будуць змагацца ўдзельнікі з дванаццаці краін - як і летась. Але прыз атрымае ўжо не адзін чалавек, а тры! Упершыню ўзнагароджанне пройдзе па так званай алімпійскай сістэме - золата, срэбра і бронза. Бо часам розніца ў балах паміж месцамі была мінімальная.


Каменціраваць конкурс сёлета будзе Анатоль Ліпецкі - вядучы і голас тэлеканалаў Беларусь 1 і спадарожнікавага Беларусь 24.


А ў Ільі Волкава апошнія суткі будуць пад дбайным кантролем усёй дэлегацыі. Па вуліцы не хадзіць, скразнякоў пазбягаць, рот лішні раз не адкрываць. Не ўжываць газіроўку, чыпсы і любімы шакалад - раздражняе звязкі. Двойчы на дзень Ілью аглядае ўрач-фаніятар. У медыкаў свае сакрэты, іх задача - дапамагчы пазбегнуць інфекцыі.


Роўна праз суткі на гэтую сцэну выйдуць вядучыя конкурсу - украінскія зоркі Злата Огневіч і Цімур Мірашнічэнка! У якасці спецыяльных жа гасцей выступяць пераможцы дарослага Еўрабачання Руслана і Эмелі дэ Форэст. Ну і, вядома, трыумфатар мінулага дзіцячага конкурсу Анастасія Петрык.