"Рамэа і Джульета" ў Тэатры юнага гледача

26 апреля 2018

Учора адбылася прэм'ера новай пастаноўкі. Трагічная п'еса сусветнага класіка Уільяма Шэкспіра - адна з самых папулярных. Рыхтаваць першае чытанне "Рамэа і Джульеты" ў сталічным Тэатры юнага гледача пачалі ў пачатку сезона. Дарэчы, прэм'ерныя паказы пройдуць сёння і заўтра. Падрабязней - Вольга Мядзведзь.

На афішах Тэатра юнага гледача гісторыя пра каханне падлеткаў з узроставым абмежаваннем ад 16. Усім вядомую класіку сусветнай літаратуры пра высокія пачуцці да страты пульсу перачытвалі ў школьнай праграме. Аднак зараз трагедыя выключана з асноўнага спісу вывучэння, бо многія праблемы ў «Рамэа і Джульеце» пры вострым дзіцячым успрыманні падаваць трэба далікатна.

Рэпертуарная навінка - работа мастацкага кіраўніка тэатра Уладзіміра Савіцкага. Хаця раней рэжысёр паставіў у розных тэатрах дзясяткі спектакляў паводле Караткевіча, Гогаля, Мальера, Астроўскага, Дастаеўскага і іншых, да «Рамэа і Джульеты» прыйшоў толькі ў Тэатры юнага гледача.

«Рамэа і Джульета» на мове. Упершыню Мантэкі і Капулеці пачнуць размаўляць па-беларуску. Пераклад шэкспіраўскага хрэстаматыйнага твора рабілі з арыгінала. Але ж для ўвасаблення на падмостках тэатра англійскую версію прыйшлося значна скараціць.

У «Рамэа і Джульеце» ўпершыню прадэманструюць усе магчымасці сцэны, атрыманыя пасля рэстаўрацыі будынка, якая завяршылася тры гады таму. Сегменты, якія рухаюцца, пад'ёмнікі, відэаінсталяцыі, задзейнічалі нават складскія памяшканні для дэкарацый, якія звычайна схаваны за заднім фонам. Так павялічылі сцэну і зрабілі яе шмат'яруснай.

Спектакль - пераважна ў чорна-белым афармленні. Каляровымі будуць толькі Герцаг і дапісаныя да Шэкспіра міфічныя сукубы - свайго роду блазны. У галоўных ролях закаханых – пачаткоўцы трупы, якія прыйшлі ў тэатр у апошнія гады. Наогул жа ў «Рамэа і Джульеце» задзейнічаны амаль поўны моладзевы склад Тэатра юнага гледача.