Рок-шоу Scorpions прыме "Мінск-Арэна"

14 ноября 2019
Мінск становіцца цэнтрам сусветных турнэ. З вялікім сольным канцэртам да нас прыляцелі легендарныя рокеры Scorpions. Музыканты прыбылі ў Беларусь у поўным складзе за дзень да свайго сольнага канцэрта. Шоу заяўленае як развітанне з фанатамі.

Больш чым за паўвекавую гісторыю на сцэне калектыў запісаў 18 студыйных альбомаў. 74 сінглы рокераў больш як 200 разоў станавіліся "залатымі", "плацінавымі", "мультыплацінавымі". Лідары хіт-парадаў прадалі больш як 110 млн. запісаў па ўсім свеце. Найболей вядомымі кампазіцыямі групы і сёння лічаць "Still Loving You", "Rock You", "Wind of Change" і "Send Me an Angel". У "cкарпоў" больш як 10 афіцыйных трыб'ют-груп па ўсім свеце. Scorpions ушанаваныя на Галівудскай алеі славы на бульвары Сансет.

Цэны білетаў на шоу Scorpions у Мінску больш лаяльныя, чым сусветны стандарт рокераў - ад 120 да 300 беларускіх рублёў. Гэта ніжэй за кошт білетаў у Аўстраліі і Сінгапуры, якія таксама ўваходзяць у маршрут сусветнага турнэ "Crazy world".

На чым прыляцелі і што прывезлі для фанатаў куміры мільёнаў - ведае Дар'я Тарасава. 

"Скарпіёны" прызямліліся ў мінскім аэрапорце, каб на развітанне "ўджаліць" беларускіх фанатаў сваёй музыкай. Рок-зоркі прыляцелі на прыватным самалёце. Яшчэ ўчора пад іх балады настальгавалі ў Кіеве. У "скарпоў" роўна дзень для таго, каб аднавіць галасавыя звязкі. Ужо заўтра ў гісторыю сусветнага турнэ групы ўпішуць Мінск. 

З VIP-залы тэрмінала аэрапорта - на прэс-канферэнцыю. З візітам у Мінск зорны склад прыехаў з нямецкай пунктуальнасцю. Цяжка паверыць, але галоўным бунтарам - голасу і аўтару тэкстаў Клаусу Майнэ і заснавальніку Рудольфу Шэнкеру - ужо за 70. Для селебрыці ўзрост - не падстава адмовіцца ад касух і цёмных ачкоў. Рок-ідалы раздумалі ісці на пенсію і распадацца, калі групе стукнула паўстагоддзя. Замест гэтага адправіліся ў чарговы "развітальны" тур прысвечаны мультыплацінаваму "Crazy World". Канцэрт у Мінску па сэт-лісце ўсё ж будзе адрознівацца ад студыйнай версіі альбома. Але 16 песень меламанам гарантаваныя.

Шоу "скарпіёнаў" не абыдзецца без віп-гасцей. Ужо з білетамі Ала Цупер. Алімпійская чэмпіёнка прызналася, што з'яўляецца фанаткай рокераў і сваімі перамогамі ў нейкай ступені абавязаная іх музыцы. 

Тыя, з-за чыіх песень адбываліся дэмаграфічныя ўзрывы і чыім гастролям пакарылася жалезная заслона СССР, сёння дыктуюць свае правілы. У адпаведнасці з міжнародным райдарам перамяшчаюцца "скарпіёны" на прэміум аўто. Таніраваныя мерседэсы, апраўданы выбар, музыканты родам з Германіі. Спойлер для фанатаў, сустрэць зорны картэж сёння магчыма і ў цэнтры горада. 

Менеджмент артыстаў прыбыў у Мінск напярэдадні. За шоу стадыённага стандарту адказвае сотня спецыялістаў. Тоны святла, гуку, экраны і прылады прыляцелі самалётам і прыехалі фурамі. На пляцоўцы ўжо будуюць дэкарацыі. Цэнтральным элементам стане подыум, які зойме ўвесь танцпляц. А значыць, гледачы тварам да твару сустрэнуцца з жывымі рок-легендамі. 

Рок-шоу прыме "Мінск-Арэна". Саўнд-чэк пройдзе без музыкантаў, за гэта адказвае тэхнічны персанал. Дарэчы, ужо зразумела, што  Scorpions збяруць поўную залу. Білеты раскупленыя. Ці праспяваюць рокеры бонус-трэк для 15-тысячнай аўдыторыі - пачуем на канцэрце.