Рэстаўратары Нацыянальнага мастацкага музея працуюць над абнаўленнем двух шэдэўраў

19 июля 2019

Рэстаўратары Нацыянальнага мастацкага музея працуюць над абнаўленнем двух шэдэўраў. Палотны - розных эпох і жанраў, але аднолькава каштоўныя для калекцый сусветнага мастацтва. Усе падрабязнасці - у Наталлі Бардзілоўскай.

Сяргей Каўроўскі для Гомеля, як Юдэль Пэн для Віцебска: ад яго пайшлі пакаленні і дынастыі беларускіх мастакоў. Палатно пад назвай "Тачыльшчык" трапіла да рэстаўратараў з сталай экспазіцыі. Твор 20-х гадоў мінулага стагоддзя па-свойму ўнікальны: ён адзін з нямногіх, што засталіся ў фондах пасля Вялікай Айчыннай вайны. Адпаведна захаванасць карціны выклікала пытанні.

"Тачыльшчыка" паставяць у новы падрамнік і вернуць у экспазіцыю. А вось з гэтым шэдэўрам працы нашмат болей. Карціна эпохі Адраджэння, напісаная ў рубенсаўскай манеры, вялікімі фрагментамі страціла выявы. Рэстаўратары робяць поўную кансервацыю палатна, падводзяць грунты, наперадзе - вытанчаная праца па адраджэнні самога малюнка.

Ад рэстаўратараў чакаюць і падказак аб аўтарстве палатна. Першасна меркавалі, што твор належыць пэндзлю Тэадора ван Цюльдзена - фламандца часоў Рубенса і Ван Дэйка. Нядаўна мастацтвазнаўцы засумняваліся і палічылі, што шэдэўр "невядомага аўтара".

Гэты твор набыты ў 80-х у Мінску ў прыватнага калекцыянера. Дагэтуль карціна ні разу не выстаўлялася, але не адзін год ёю цікавяцца замежныя мастацтвазнаўцы. 

Абнаўленне работы зойме мінімум год. Апроч таго што палатно пакажуць у сталай экспазіцыі, карціну размесцяць у каталозе еўрапейскага жывапісу беларускай калекцыі.