Вырашаны лёс двухвяковых будынкаў у сядзібе "Лошыца"

5 апреля 2017

Помнікі архітэктуры адновяць за кошт бюджэту. Былыя вытворчыя карпусы ўключаны ў інвестпраграму гэтага года. Падрабязнасці - у сюжэце Алены Борматавай.

Будынкі, якія ўмоўна называюць комплекс Бровара, уваходзяць у склад сядзібна-паркавага ансамбля “Лошыца”. Пры ўладаннях Любанскага – гэта былі вытворчыя карпусы, складскія памяшканні і дом акцызніка. Існавала яшчэ некалькі падсобных памяшканняў, аднак яны захаваліся толькі ў інвентарах.

З боку сучаснай вуліцы Чыжэўскіх быў галоўны ўваход у сядзібны комплекс, які абазначаўся брамай. У 18-ым стагоддзі тут з'явіліся першыя вытворчыя карпусы. Іх узводзілі з дрэва. Праз стагоддзе комплекс перавялі ў цэглу. Сёння захаваліся тры будынкі, кожны з якіх уключаны ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі.

У 20-ым стагоддзі тут размяшчалася і садаводчая навучальная ўстанова. Пасля вайны ў гэтыя памяшканні пераехаў штаб партызанскага руху. Верагодна, тут жа знаходзілася і школа НКУС. На доўгі час адзін з былых вытворчых карпусоў стаў домам для дзясяткаў сямей. Надбудаваны другі паверх – гэта былыя кватэры. Дом рассялілі ўжо ў двухтысячных. Рэстаўратары і гісторыкі правялі архітэктурна-археалагічныя абмеры і гісторыка-бібліяграфічныя даследаванні. З 2013 года комплекс прадавалі на аўкцыёнах. Планавалася, што тут будзе чатырохзоркавы гатэль. Пакупніка не знайшлі. Пашыралі функцыянальнасць – і зноў безвынікова. Зараз прынялі рашэнне - аднаўляць помнікі архітэктуры будуць за дзяржаўныя сродкі. Будынкі перадаюць на баланс «Мінскай спадчыны».

Зараз ідзе распрацоўка праекта. Яго павінны зацвердзіць у Мінгарвыканкаме і адобрыць на навукова-метадычнай радзе ў Міністэрстве культуры. Да канца года праект будзе гатовы да рэалізацыі. Мяркуецца, што тут з'явіцца адразу некалькі рознапрофільных устаноў - ЗАГС, кафэ і рэстаран, выставачныя пляцоўкі.

Падобны тып прамысловай архітэктуры людзі звычайна ўспрымаюць як непатрэбныя, адслужыўшыя свой век будынкі. Для спецыялістаў - гэта найперш нацыянальная каштоўнасць, якой варта надаць новае жыццё. Помнікі даследаваны архітэктарамі. Іх інтэграцыя ў сучасную гарадскую прастору досыць перспектыўна ў розных галінах дзейнасці - ад рэстараннага бізнесу да арганізацыі культурных праектаў. А аб'яднанне былых вытворчых памяшканняў у агульны гістарычны план натуральна выліваецца ў новы турыстычны маршрут.