Рэпрадукцыі рарытэтаў Нацыянальнага гістарычнага музея ў парку Чалюскінцаў

25 мая 2020
Пакуль установы культуры ўсё часцей звяртаюцца да анлайн-фармату, агароджа парку Чалюскінцаў ізноў прымярае на сябе ролю выставачнай пляцоўкі.

Шырокафарматныя рэпрадукцыі рарытэтаў Нацыянальнага гістарычнага зараз упрыгожваюць праспект Незалежнасці. Сёння тут завяршыўся мантаж экспазіцыі. Калекцыя артэфактаў складае 500 тысяч адзінак захоўвання. Праект жа аб'яднаў пад адкрытым небам 70 банэраў з выявамі нацыянальнага набытку краіны - ад узораў народнага касцюма да вялікага нумізматычнага збору. Аўтары здымкаў Алег Лукашэвіч і Аляксандр Аляксееў. Сваімі экспанатамі падзяліліся ўсе 5 філіялаў Нацыянальнага гістарычнага і гасцёўня Уладзіслава Галубка. 

Павел Сапоцька, дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі: "Сэнс адзін - паказаць беларусам, што яны могуць ганарыцца сваім нацыянальным набыткам і прэзентаваць сябе, сваю краіну, свае каштоўнасці  ўсім тым, хто наведвае нашу дзяржаву. Узнік  той час, калі, на жаль, не людзі ідуць у музей, а музей павінен ісці да людзей ва ўсіх сэнсах, у тым ліку вось такія open-air умоўныя арганізоўваць".

Кожны фотакалаж экспазіцыі пад адкрытым небам суправаджаецца тэкстам. Афіцыйна старт праекту будзе дадзены 2 чэрвеня. На агароджы парку Чалюскінцаў рэпрадукцыі застануцца на год.