Рэпетыцыя гала-канцэрта нацадбору на дзіцячае "Еўрабачанне-2019" праходзіць у Белтэлерадыёкампаніі

19 сентября 2019

Рэпетыцыя выніковага гала-канцэрта нацыянальнага адбору на дзіцячае "Еўрабачанне-2019" у гэтыя хвіліны праходзіць у Белтэлерадыёкампаніі. Сёлета галасы фіналістаў выключна дзявочыя - 8 сольных выканаўцаў і 2 гёрлз-бэнды. 

За атмасферай на пляцоўцы сочыць здымачная група Агенцтва тэленавін. На прамой сувязі са студыяй наш карэспандэнт Дар'я Тарасава

Галоўны здымачны павільён Белтэлерадыёкампаніі рыхтуецца да вялікага шоу. Гадзіну таму тут пачаліся індывідуальныя рэпетыцыі фіналістаў нацыянальнага адбору на дзіцячае "Еўрабачанне-2019". Для артыстаў гэта магчымасць наладзіць гук, святло і графіку свайго конкурснага нумара. І галоўнае - выпрабаваць сцэну, сёлета яна незвычайная. Трохвугольнай формы, упрыгожваюць яе святлодыёдныя аркі і подыумы.

У кожнага прэтэндэнта на еўравізійную пуцёўку ёсць роўна 40 хвілін, для таго каб абкатаць свой перформанс. І ўжо кансультацыю ад рэжысёра атрымала Лізавета Міснікава. Менавіта яна адкрые гала-канцэрт. Дарэчы, на рэпетыцыі фіналісты выходзяць на сцэну ў тым жа парадку, што і з'явяцца ў эфіры. Гэта было вызначана па выніках жараб'ёўкі. Цікава, што сёлета галасы нацыянальнага адбору выключна дзявочыя. У фінале 8 сольных выканаўцаў і два гёрлз-бэнды. 

Сёння ў вакалістаў рэпетыцыя ў касцюмах, але без эфірнага грыму. Адпрацоўка конкурсных нумароў завершыцца ўвечар. А ўжо заўтра артыстаў чакае генеральны прагон, які пройдзе без тэхнічных стопаў у рэжыме прамога эфіру. Пераможца вызначаць па выніках галасавання прафесійнага журы і тэлегледачоў у працэнтных суадносінах 50 на 50. Хто прадставіць Беларусь на дзіцячым "Еўрабачанні-2019" у Глівіцэ, стане вядома праз суткі.

Трансляцыю фіналу будуць весці тэлеканалы "Беларусь 1" і спадарожнікавы "Беларусь 24". Глядзець шоу можна і анлайн на афіцыйным сайце Белтэлерадыёкампаніі tvr.by. Пачатак у 22 гадзіны.