Рэпертуар фальклорнага калектыву "Мілавіца" выключна аўтэнтычны

11 декабря 2015

Сапраўдныя вясковыя танцы, песні пад цымбалы і гармонік, гульні і карагоды яны выконваюць з імпэтам. Рэпертуар фальклорнага калектыву выключна аўтэнтычны. Як і сама назва "Мілавіца". Раней так называлі першую яркую зорку на небе. Мілавіца – гэта яшчэ і старажытная славянская багіня прыгажосці і кахання. Дарэчы, ансамбль ганарыцца не толькі сваёй багатай гісторыяй, за чвэрць стагоддзя скарбонка творчых нумароў папоўнілася на сотню. І кожны - як адлюстраванне нашай разнастайнай культуры.

Гэты падмурак мастацкі кіраўнік і імкнецца закласці ў артыстаў-пачаткоўцаў. Самым маленькім удзельнікам няма і пяці гадоў.

Калектыў увогуле лічыцца сямейным. Спачатку бацькі прыводзяць на заняткі сваіх дзяцей. А праз час і самі з задавальненнем становяцца ўдзельнікамі. Так было і з Наталляй Барталевіч. Зараз жанчына паспявае сумяшчаць сваю асноўную працу і ўлюбёную справу.

Урачысты канцэрт распачалі старажытнай жытняй песняй Салігорскага раёна. Дарэчы, гэты калектыў і славіцца сваёй аўтэнтычнасцю, якую збіраюць з усіх рэгіёнаў краіны. Сімвалічна, што 25 гадоў таму менавіта гэтым творам і распачалі першае выступленне.

Падчас 2-гадзіннай святочнай праграмы – полька «Тройкамі», «Беларуская», «Да дому» і «У гарох». Усе выступленні праходзілі пад акампанемент цымбалаў, гармоніка, скрыпкі і дудкі і ва ўнісон з мілагучнымі беларускімі напевамі.